Лукашэнка расказаў, як вярталі беларусаў з-за мяжы: "Вывезлі, але за іх грошы"

Лукашэнка расказаў, як вярталі беларусаў з-за мяжы: "Вывезлі, але за іх грошы"

Падчас паездкі ў Лідскі раён Аляксандр Лукашэнка расказаў, як вярталі на радзіму беларускіх турыстаў з-за мяжы падчас каранавірусных абмежаванняў. 

Калі краіны свету пачалі зачыняць свае межы пад пагрозай распаўсюду каранавіруса, за мяжой апынулася некалькі тысяч беларускіх турыстаў. 

Па словах Лукашэнкі, ён вырашыў падтрымаць кампанію "Белавія", якая моцна пацярпела ад гэтых абмежаванняў. "У свеце адзін аэрапорт адкрыты, толькі мінскі. І то яны малайцы. Яны там дапамагалі, паслугі аказвалі, і амерыканцы нам дзякавалі, і іншае. І ў нас зваліўся — на 75-76% падзенне — аб'ём. Ва ўсіх краінах 100%, усё спынілася. А нашы неяк целяпаліся", — перадае яго словы тэлеканал СТБ.

Беларускі кіраўнік заявіў, што давялося вяртаць турыстаў, якія выехалі пасля яго забароны. Насамрэч Лукашэнка пастаянна называў пандэмію каранавіруса псіхозам і адмовіўся зачыняць межы Беларусі. Праўда, пасля таго, як межы зачынілі ўсе суседнія краіны, беларускія грамадзяне ўсё адно нікуды не могуць выехаць. Паводле звестак Памежнага камітэта, 90% беларусаў, якія паехалі за мяжу падчас пандэміі каранавіруса — гэта кіроўцы-дальнабойшчыкі. На іх не распаўсюджваюцца абмежаванні. 

"З'ехалі, сядзяць... У Індыі, Гоа, Інданезіі. Я здзівіўся: у Інданезіі і Малайзіі. І чакаюць, што іх адтуль вывезуць. Я кажу: "Добра. Якія пытанні? Трэба вывезці, самалёты ж стаяць, але за грошы". Усе пагадзіліся плаціць любую цану. Праўда, растэрміноўку далі: усё ж такі людзей трэба было вывезці. Вывезлі, але за іх грошы", — падзяліўся кіраўнік дзяржавы падрабязнасцямі ратавання суайчыннікаў з-за мяжы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі