Лукашэнка расказаў пра кантакты з Украінай і ЗША

Аляксандр Лукашэнка зноў згадаў пра Гаагу

Аляксандр Лукашэнка зноў згадаў пра Гаагу / БЕЛТА

17 верасня Аляксандр Лукашэнка падчас свайго выступу на так званым "патрыятычным форуме" ў Мінску расказаў пра кантакты з Украінай і ЗША. Нібыта амерыканцы апошнім часам "вельмі часта намякалі пра перамовы" і "нават высунулі ўмову". "Мы пагадзіліся", — заявіў Лукашэнка, але не сказаў, што ж гэта была за ўмова. Цяпер жа яго абурае, што ЗША нібыта "штурхаюць Украіну да супрацьстаяння". "А як тады гэта разумець?", — задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка, які меў на ўвазе абяцаныя перамовы.

Па версіі Лукашэнкі, Украіна нібыта атрымала з-за акіяну "ўказанне" ў пэўных абставінах нанесці ўдар па інфраструктуры "на паўднёвай мяжы" РБ. "Прычына — расійскія беспілотнікі лётаюць побач з тэрыторыяй Беларусі, — працягваў ён блытана тлумачыць. — ...Павінен вам адкрыта заявіць: Мы дамовіліся па каналах з украінцамі, што мы не будзем у СМІ падсвятляць факты залёту беспілотнікаў, і расійскіх і ўкраінскіх, на нашу тэрыторыю... Чаму гэта адбываецца? Таму што і тыя, і іншыя дрэнна кіруюць гэтымі беспілотнікамі. Па-першае, новыя для іх. А па-другое, працуюць сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, якія збіваюць з курсу беспілотнікі. І адзін з іх мы знайшлі аж пад Бабруйскам — у цэнтры Беларусі. І гэта былі ўкраінскія беспілотнікі, а не расійскія. Хоць і з іншага боку бывае. Мы дамовіліся".

Цяпер варта чакаць рэакцыі афіцыйнага Кіева на гэтыя словы пра "каналы сувязі", "дамоўленасці" і "ўкраінскія беспілотнікі".

З абурэннем Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Літва "ініцыюе ў Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе разгляд беларускага пытання". Мэта — прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці і "выключыць яго з парадку". У чарговы раз ён сказаў, што "напад на Беларусь — гэта трэцяя сусветная вайна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі