Вы тут

Лукашэнка — пра міліцыянтаў: некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі

Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА

У працы праваахоўнай сістэмы Беларусі ёсць сур'ёзныя недахопы і пралікі. З такой заявай Аляксандр Лукашэнка выступіў 20 жніўня, інфармуе БЕЛТА.

Ён згадаў нядаўнюю справу галоўнага інжынера МЗКЦ, які правёў да суда больш за чатыры гады за кратамі і быў апраўданы: "Я не так адназначна ацэньваю яе, як у грамадстве і нават як у судзе. Але пра гэта мы пагаворым асобна. Гэта вельмі добры і яскравы прыклад вашай працы як па сутнасці, так і па форме, у прыватнасці, міліцыі".

Па словах кіраўніка дзяржавы, у людзей складваецца ўражанне, быццам міліцыянтаў найперш цікавяць не жыццё і лёс чалавека, а лічбы і рэйтынгі, якімі вымяраецца эфектыўнасць іх працы. Адтуль ідзе і фальсіфікацыя ў іх дзейнасці. "Прытым фальсіфікацыя падчас расследавання крымінальных спраў такая, што лепш бы вы не пачыналі гэтыя крымінальныя справы. Некаторыя ў пагонах прыбурэлі і абарзелі да таго, што яны не проста не павінны іх насіць — гэтыя людзі павінны быць выключаныя з нашага грамадства ў першую чаргу, раней чым тыя, справы якіх яны расследуюць", — абурыўся Лукашэнка.

Раскрытыкаваў ён і несувымернае ўжыванне сілавых метадаў. "Уварваўшыся ў дом пры дзецях, цяжарных жонках, пакласці чалавека мордай у падлогу, як у вас прынята казаць, заламаць рукі, паламаць некалькі рэбраў, і страсенне мозгу — гэта як мінімум. Гэта бязмозглыя людзі, якім таксама не месца ў праваахоўнай сістэме", — заявіў кіраўнік Беларусі. 

Ён дадаў, што некаторыя сілавікі займаюцца ціскам на ўдзельнікаў крымінальнага працэсу. "Нават да суддзяў пад'язджаюць і пачынаюць на іх накатваць: ды мы з вамі, ды мы вас будзем прэсаваць, нахіляць", — падзяліўся Лукашэнка падрабязнасцямі.