Вы тут

Лукашэнка перадаў Крамлю прывітанне праз прэзідэнта Малдовы

Ігар Дадон і Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by

10 красавіка беларускі кіраўнік сустрэўся ў Мінску з прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Сярод іншага кіраўнікі дзяржаваў абмеркавалі міжнародныя пытанні. "Нашы погляды ў агульным-то супадаюць, але, тым не менш, столькі падзей. Асабліва ў нашых суседзяў, якія знаходзяцца паміж намі, — велізарная, цудоўная краіна Украіна. Думаю, у вас свой пункт гледжання па сітуацыі. Мяне апошнім часам папракаюць... Вы, напэўна, заўважылі, што я занадта часта кажу пра Украіну, але як інакш: наша краіна, блізкая", — заявіў Лукашэнка.

Адносіны Беларусі з Расіяй ён назваў своеасаблівымі і папрасіў перадаць прывітанне Крамлю: "Я так разумею, вы заўтра у Расіі будзеце, з кіраўніцтвам будзеце бачыцца. Прывітанне, дарэчы, перадавайце нашым добрым сябрам".

У сваю чаргу Ігар Дадон падкрэсліў сяброўскія адносіны паміж Беларуссю і Малдовай. Ён падзякаваў Беларусі за падтрымку ў Еўразійскім эканамічным саюзе: летась Малдова атрымала статус назіральніка пры ЕАЭС.

"У траўні будзе сустрэча на вышэйшым узроўні ў Казахстане. Мы там сустрэнемся ўжо ў больш шырокім фармаце", — дадаў прэзідэнт Малдовы.