Лукашэнка патлумачыў, навошта Беларусь будуе АЭС (відэа)

Такая заява ад кіраўніка Беларусі прагучала на сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, перадае БЕЛТА.



Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакуль у Беларусі бракуе сваёй электраэнэргіі. Пераважна закупляецца электраэнэргія ў Расіі. І гэтая энэргія каштуе танней, чым вырабленая ў Беларусі, бо ў нас даўно не мадэрнізавалі энэргетычныя прадпрыемствы.



Таксама Лукашэнка дадаў, што калі б была магчымасць, ён бы пачаў будаваць у Беларусі другую АЭС. Праўда, для гэтага няма пакуль ні падрадчыка, ні грошай, ні той краіны, якая б вылучыла крэдыт для будаўніцтва.



Супраць будаўніцтва ж Астравецкай АЭС, па словах беларускага кіраўніка, выступаюць Еўрасаюз і дзяржавы Балтыі: "Яны ўжо спазніліся, у іх не атрымліваецца пабудаваць сваю станцыю, яны будуць нам ужо не канкурэнты, і ім давядзецца купляць нашу і расійскую электраэнэргію". Лукашэнка заяўляе, што для канкурэнтнага змагання супраць Беларускай АЭС Еўрасаюз выкарыстоўвае беларускую апазіцыю: "І яны нашу пятую калону мабілізавалі на тое, каб змагацца супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі".



Фота — news.am