Лукашэнка паслаў Мясніковіча ў ЕЭК: вас усе ведаюць

Лукашэнка паслаў Мясніковіча ў ЕЭК: вас усе ведаюць

Аляксандр Лукашэнка прапануе старшыні Савета Рэспублікі Міхаілу Мясніковічу новую працу — старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. У пятніцу яны паразмаўлялі на гэтую тэму. Беларусь з лютага 2020-га стане старшынёй Еўразійскага эканамічнага саюза і атрымае права прызначыць на 4 гады свайго кіраўніка калегіі ЕЭК. Па словах Лукашэнкі, "жадаючыя былі", але пасля аналізу прыйшлі да высновы, што толькі Мясніковіч зможа там эфектыўна працаваць. І ён на саміце АДКБ у Бішкеку ўжо пагаварыў з кіраўнікамі шэрагу краін пра кандыдатуру Міхаіла Мясніковіча.

"Адрыньвання няма, цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — ...Многія вас ведаюць. Не многія, а ўсе ведаюць... Усе ўспрымаюць станоўча".

Лукашэнка лічыць, што для Мясніковіча "нядрэнна будзе... папрацаваць там і прынесці карысць не толькі Беларусі, але і ўсёй нашай эканамічнай супольнасці". У Еўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан, Кыргызстан. З 1 студзеня 2020-га беларус Станіслаў Зась стане генсакратаром АДКБ. У будучым годзе наша краіна будзе старшынёй у Вышэйшым дзяржсавеце саюзнай дзяржавы, стане сустаршынёй у СНД. Усё гэта і дало падставу Лукашэнку заявіць: "Мы фактычна ачолім увесь Савецкі Саюз". Пра гэта ён гаварыў у пятніцу і на сустрэчы з Засем. Пры гэтым кіраўнік дзяжавы кажа, што "фактычна давядзецца цягнуць воз за ўсіх".

Міхаілу Мясніковічу 69 гадоў. У мінулым ён быў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта (у 1995-2001), кіраўніком Нацыянальнай Акадэміі навук, прэм'ер-міністрам (2010-2014). Савет Рэспублікі ачольвае з 2015-га, у новы яго склад не абіраўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі