Лукашэнка падтрымаў дату выбараў у мясцовыя саветы — 18 лютага

Лукашэнка падтрымаў дату выбараў у мясцовыя саветы — 18 лютага

Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў сталі асноўнай тэмай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў прапанову прызначыць выбары ў мясцовыя саветы на 18 лютага 2018 года.

"Для мяне галоўнае — вызначыцца з датай, фінансаваннем і праектам указа, які павінен быць падпісаны. Я думаю, што сярэдзіна лютага, можа, нават і 18-га, як мы гэта абмяркоўвалі, будзе нармальна. Усё ж такі люты — больш спакойны месяц", — перадае меркаванне Лукашэнкі яго прэс-служба.

Гаворачы пра фінансаванне выбараў, кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што сродкі трэба выдаткоўваць ашчадна. Эканоміць ён прапанаваў за кошт граматнага падыходу да арганізацыі участкаў. "Мы пастараемся гэта зрабіць за кошт таго, што ў нас, у прынцыпе, усё гатова з тых выбараў, каб ні скрынкі не выкідалі, ні кабінкі — усё гэта ёсць на месцы", — выказаў меркаванне Лукашэнка.

Зайшла гаворка і пра заробак чальцоў камісій. "Заробак людзей, звязаных з выбарамі, — гэта святое", — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Па словах Лукашэнкі, ён даручыў Адміністрацыі прэзідэнта падрыхтаваць ўчасткі і дапамагаць у арганізацыі выбараў. "Усё ж такі гэта палітычная кампанія, і Адміністрацыя павінна сваю працу зрабіць, а Цэнтрвыбаркам павінен паводле закону арганізаваць выбары: бюлетэні, семінары, навучанне кіраўнікоў участковых камісій", — размеркаваў ён абавязкі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі