Лукашэнка падарыў Малдове пяць трактароў і два МАЗы

Беларусь бясплатна перадасць Малдове камунальную і сельскагаспадарчую тэхніку. Адпаведнае распараджэнне "Аб аказанні дапамогі Рэспубліцы Малдова" падпісаў 9 красавіка Аляксандр Лукашэнка, інфармуе БЕЛТА.

Паведамляецца, што гэты крок накіраваны на ўмацаванне беларуска-малдоўскага супрацоўніцтва і далейшае развіццё адносін паміж дзвюма краінамі ў духу традыцый дружбы і ўзаемадапамогі.

Беларусь бясплатна перадасць Малдове пяць трактароў МТЗ-82 і дзве камунальныя машыны МАЗ. Тэхніка прыбудзе ў Малдову бліжэйшым часам.

Гэта не першы раз, калі беларускі кіраўнік дапамагае прадстаўнікам Малдовы з тэхнікай. Нагадаем, што летась прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон наведваў Беларусь, і Лукашэнка даў свой самалёт для вяртання малдоўскага кіраўніка на радзіму.