Лукашэнка: На вызначальных прадпрыемствах не адзін тыдзень няма кіраўнікоў

Лукашэнка: На вызначальных прадпрыемствах не адзін тыдзень няма кіраўнікоў

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Адміністрацыя прэзідэнта недастаткова добра працуе з кадрамі Пра гэта ён заявіў 10 лістапада, прымаючы з дакладам кіраўніка Адміністрацыі Аляксандра Косінца.

"У вас занадта вялікая запазычанасць перад прэзідэнтам па прапрацоўцы кадравых пытанняў. Па гаспадарчых суб'ектах, вызначальным прадпрыемствам фактычна няма кіраўнікоў не адзін дзень і не адзін тыдзень", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў з 1 студзеня 2017 года прынцыпова змяніць сістэму працы Адміністрацыі прэзідэнта. Ён патрабуе, каб кожны квартал кіраўніцтва Адміністрацыі выступала з новымі ідэямі. "Я ўвяду ў практыку (а вы вазьміце на кантроль) заслухоўванне раз у квартал кіраўніцтва Адміністрацыі, якое прыйдзе да мяне і раскажа людзям нейкія новыя ідэі. Не проста слізгаць па нахільнай, а ідэі. Прыму я іх ці не, гэта ўжо мая справа і маё права, але ідэі гэтыя павінны быць — зямныя, прызямлёныя, непрычасаныя. Гэтыя ідэі павінны быць ад канкрэтных людзей. І прычэсваць іх на ўзроўні кіраўніка Адміністрацыі і намеснікаў ні ў якім разе нельга. у адваротным выпадку ўсялякая творчасць і свабода дзеянняў знікае ў дзяржаўнага службоўца", — цытуе прэс-служба словы кіраўніка Беларусі.

Пасля дакладу Косінец паведаміў журналістам, што "кадравы рэзерв падабраны практычна на ўсе ключавыя пасады", перадае interfax.by. Па словах чыноўніка, Лукашэнка прагледзеў вялікі спіс кандыдатураў, якія сёння ўзначальваюць прадпрыемствы, арганізацыі, рэгіёны, і даў ім ацэнку.
"Прэзідэнт застаўся задаволены той працай, якую праводзіць Адміністрацыя прэзідэнта з рэзервам кадраў, па замяшчэнні вакантных пасадаў, прасоўванні перспектыўных маладых людзей, якія будуць і ўжо вырашаюць пастаўленыя задачы", — канстатаваў Косінец.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі