Лукашэнка: Мяне насцярожвае, што краіна не жыве Еўрапейскімі гульнямі

Лукашэнка: Мяне насцярожвае, што краіна не жыве Еўрапейскімі гульнямі

Еўрапейскія гульні мусяць яшчэ больш кансалідаваць нацыю. Пра гэта кіраўнік Беларусі і Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 7 верасня на пашыраным пасяджэнні Выканкама НАК. На пасяджэнні разглядалася падрыхтоўка да правядзення II Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.

"Урад мяне рэгулярна інфармуе, што праца вядзецца і мы рухаемся ў правільным кірунку. Але мяне насцярожвае шэраг пытанняў, і перш за ўсё асноўнае — краіна Гульнямі яшчэ не жыве. Пакідае жадаць лепшага асвятленне ходу падрыхтоўкі Еўрапейскіх гульняў. Хацелася б пачуць, што робіцца ў гэтым напрамку, калі нашы грамадзяне пачнуць атрымліваць інфармацыю пра тое, як ідзе праца", — перадае прэс-служба словы Лукашэнкі.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што па падліках урада на правядзенне Еўрагульняў спатрэбіцца 35-40 млн еўра. Гэтыя выдаткі ён назваў невялікімі. 

Паводле інфармацыі БЕЛТА, Лукашэнка раскрытыкаваў затрымкі ў падрыхтоўцы спартыўнай інфраструктуры і іншых аб'ектаў. У прыватнасці, ён запатрабаваў, каб не пераносілі тэрміны здачы стадыёна "Дынама" ў сталіцы: "Якія праблемы, напрыклад, перашкаджаюць ўвесці ў эксплуатацыю мінскі стадыён "Дынама" ў 2017 годзе, як гэта прадугледжана адпаведным рашэннем прэзідэнта? Усе выдатна разумеюць, што нам трэба яго яшчэ пратэставаць з пункту гледжання лёгкаатлетычных спаборніцтваў, адпрацаваць цырымоніі адкрыцця і закрыцця Гульняў. Мне сёння ўрад уносіць прапанову перанесці на 31 снежня 2018 года тэрмін заканчэння рэканструкцыі спартыўна-стралковага комплексу ва Уруччы. Я нават не задаю пытанне, позна гэта ці не. Адказваю на ўсе пытанні адразу: ніякіх прапановаў на маё імя аб пераносе тэрмінаў быць не можа. Усё, як вырашылі, павінна быць зроблена ў тэрмін".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі