Лукашэнка: мы не павінны асабліва цырымоніцца, абараняючы інтарэсы нашых людзей

Лукашэнка: мы не павінны асабліва цырымоніцца, абараняючы інтарэсы нашых людзей

Новыя кіраўнікі абласных міліцэскіх упраўленняў не павінныя цырымоніцца, заявіў Аляксандр Лукашэнка. 30 красавіка ён прызначыў начальнікаў УУС у Мінскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях.

"Вы ведаеце, на якія пасады прызначаецеся. Тры чвэрці краіны мы сёння вашымі пасадамі прыкрываем ў гэтай няпростай сітуацыі, якая і ўнутры (складваецца адносна нібыта, кажуць, спакойна, але супакойвацца нельга), дый вонкава. Вы бачыце, што адбываецца", — перадае БЕЛТА яго словы.

Лукашэнка чакае, што новыя міліцэйскія кіраўнікі будуць жорстка выконваць рашэнні. 

"Я жартам сказаў, што генералы не бываюць мяккімі. Калі можна мякка прымаць рашэнні — гэта будзе добра. Але выконвацца яны павінны жорстка. Вы людзі ў пагонах, і абстаноўка нам дыктуе, што цырымоніцца мы асабліва не павінны, абараняючы інтарэсы нашых людзей. Мы ж не самі сябе абараняем. Абараніць мільёны людзей (дый транзітная краіна — інтарэсы перасякаюцца) — вось гэта пытанне", — заявіў ён.

Пра тое, як плануе дзейнічаць міліцыя, напярэдадні расказаў намеснік міністра Мікалай Карпянкоў: "Мы нагадваем нашай ілжывай крыважэрнай апазіцыі пра тое, што мы іх ведаем усіх. Ведаем, дзе яны знаходзяцца, з кім яны маюць зносіны, якая ў іх нерухомасць, дзе знаходзяцца іх сем'і".

Кіраўнік Беларусі настроіў новапрызначаных міліцэйскіх начальнікаў на тое, каб яны пільна сачылі за сітуацыяй: "Не трэба забываць аб тых памылках і недахопах, якія ў нас былі. Забудзем — паўторыцца зноў. Таму трэба трымаць руку на пульсе".

Як паведамлялася, Аляксандр Астрэйка стаў кіраўніком мінскай абласной міліцыі, Алег Шулякоўскі — брэсцкай абласной, Дзмітрый Разянкоў — гродзенскай абласной. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі