Лукашэнка — ІТ-роце: "Вы павінны прадаваць... экспартам займацца"
Беларускі кіраўнік паабяцаў, што новаму падраздзяленню будзе дапамагаць Парк высокіх тэхналогій.
22 лютага Аляксандр Лукашэнка наведаў Вайсковую акадэмію Беларусі. Між іншым, ён праінспектаваў роту інфармацыйных тэхналогій. Гэта — новае падраздзяленне, якое было створана ў 2018 годзе. У акадэміі два месяцы таму адкрылі камп'ютарную аўдыторыю ІТ-роты.
Лукашэнка арыентаваў новае падраздзяленне на "добры вынік", каб яго існаванне было апраўданае. "Трэба ствараць такі прадукт, які можна будзе і прадаць, — цытуе словы беларускага кіраўніка БЕЛТА. — Вы павінны прадаваць не толькі на ўнутраным рынку, але і на знешнім — экспартам займацца".
Аляксандр Лукашэнка даручыў, каб сродкі, атрыманыя ад такой дзейнасці, заставаліся ў Вайсковай акадэміі і ў падраздзяленні. Ён паабяцаў, што новаму падраздзяленню будзе дапамагаць Парк высокіх тэхналогій. "Будуць дапамагаць і павінны дапамагаць", — сказаў Лукашэнка.