Лукашэнка: Гэта было маё жалезнае патрабаванне: не чапайце нікога да выбараў!

Лукашэнка: Гэта было маё жалезнае патрабаванне: не чапайце нікога да выбараў!

Пяць гадоў таму мяне на працэс галасавання кіраўніка дзяржавы не акрэдытавалі: сказалі, што памяшканне невялікае і для ўсіх месца не хапае. Гэтым разам адказ на загадзя дасланую заяўку атрымліваю станоўчы. На ўчастку трэба быць а 9 гадзіне.

Прыпаркавацца побач з Універсітэтам фізкультуры, дзе месціцца выбарчы ўчастка №1, немагчыма — паўсюль стаяць супрацоўнікі ДАІ. Знаходжу месца за “Мінск-арэнай” і іду пехам.

Тут варта зрабіць “лірычную паўзу”. Следам за мной ідуць тата з сынам, прыблізна 10-11 гадоў узросту — накіроўваюцца на хакейную трэніроўку ў “Арэну”. Лаўлю кавалак размовы, распавядае тата:

— На мяжы нашай затрымалі ўзброеную групу ўкраінцаў — ехалі да нас.

— Іх усіх забілі? — пытаецца дзіця.

—Не, завярнулі назад.

— А чаго яны да нас ехалі?

—Ну, у нас жа выбары, важны дзень — хацелі тут крывавыя беспарадкі ўстроіць…

Пазітыўна пачынаецца дзень галасавання! Іду далей. Паўсюль альбо пасты ДАІ, альбо хлопцы ў цывільным з рацыямі. Праходжу каля іх спакойна. У адрозненне ад карэспандэнта Радыё “Свабода”, які ішоў следам за мной — яго, кажа, спынялі разы тры і цікавіліся куды, ідзе і хто такі.

Першы “кантрольна-прапускны пункт” месціцца на падыходзе да ўніверсітэта: мяне знаходзяць у спісе акрэдытаваных журналістаў, правяраюць рэчы. Іду далей — на ўваходзе паўторная праверка. Нарэшце трапляю ў памяшканне. Участак №1 знаходзіцца ў холе ўніверсітэта. Тут ўжо напагатове дзве кабінкі для галасавання, дзве скрыні для бюлетэняў, стаяць сталы з членамі выбарчай камісіі і назіральнікамі. Тэлеаператары і фотакарэспандэнты пастаўленыя так, каб лепш ухапіць момант галасавання кандыдата.

Для журналістаў пішучых таксама падрыхтаванае адмысловае месца — у іншым зале, дзе Аляксандр Лукашэнка пасля галасавання падыдзе да прэсы. Паміж дзвюма гэтымі заламі — буфет.

Апісваць яго не буду, лепш паглядзець фота. Скажу адно: калі папіць кавы ці гарбаты з нейкім бутэрбродам там можна было, то, адразу папярэджваюць нас прадавачкі, набыць нешта з прадстаўленых далікатэсаў можна толькі пасля галасавання кіраўніка краіны. Калега з “Камсамолкі” паклала вока на запечанага парсючка, але яе ахалоджваюць: на яго ўжо тры чалавекі прэтэндуюць

Чаканне расцягваецца на дзве гадзіны — галасаваць Лукашэнка прыязджае пасля адзінаццатай гадзіны. “Падход да прэсы будзе максімум на 5 хвілін, але разлічвайце на 3 хвіліны”, — папярэджваюць нас. Не спраўджваецца, адказваў на пытанні Аляксандр Лукашэнка амаль гадзіну. З дапамогай планшэта я вяду відэатрансляцыю гэтай імправізаванай прэс-канферэнцыі на сайце Еўрарадыё.

Пра што пыталіся? Пра расійскую авіябазу. Кажа, не патрэбная яна нам, хоць ад самалётаў бы і не адмовіліся. На пытанне наконт Украіны сказаў, што будзем па-ранейшаму займаць нейтральную пазіцыю і рабіць усё, каб там быў мір. Задаў і я некалькі пытанняў.

Еўрарадыё: Падчас выбараў была пэўная палёгка ў грамадска-палітычным жыцці…

Аляксандр Лукашэнка: Давайце разбяромся! Не нейкая палёгка, сустрэчы нейкія — сустрэчы праходзяць тыя, якія тыя, пра каго вы кажыце, могуць арганізаваць. Ніхто нікому не перашкаджае. Змаглі вы 3-5 чалавек сабраць, могуць Караткевіч, Гайдукевіч і Улаховіч (правільна я іх назваў?) сабраць людзей — збірайце. Мы не перашкаджаем. Нават калі яны ўчора ў парушэнне нашых законаў выйшлі на вуліцы — там не было ніводнага міліцыянера. Можа я памыляюся, але мне так даклалі. Гэта было маё жалезнае патрабаванне: “Не чапайце да выбараў — паглядзім, якую выснову і заключэнне дадуць назіральнікі”. БДІПЧ, АБСЕ — хто толькі хацеў, мы ўсіх пусцілі. Іх тысячу чалавек прыехала з-за мяжы. Я забараніў любыя рухі. У развіццё вашага пытання хачу сказаць: выбары заканчваюцца сёння ў 20 гадзін, так? Пачынайце жыць па законе. Мы вам не дазволім і не дазволім нікому дэстабілізаваць абстаноўку. Зразумейце, мяне не гэта хвалюе. Мы ведаем усіх апазіцыянераў паіменна. Вось, гэта галоўка — іх 400 чалавек разам са сваімі прыхільнікамі ў нашай краіне. З 10 мільёнаў і 7 мільёнаў выбаршчыкаў. 400 чалавек! Гэта кропля ў моры. Ёсць яшчэ зявакі, якія ходзяць за імі: ну, у нас жа народ любіць — нечага там сабраліся. З савецкіх часоў, відаць, нешта там даюць. Але ж ніхто не разумее, што адбываецца там, за спінамі гэтых апазіцыянераў. Вы мяне слухаеце ці калупаецеся ў сваім планшэце?!

Гэта быў момант, калі ў мяне пачалі нейкія непаладкі з трансляцыяй, і я спрабаваў адначасова задаваць пытанні, слухаць адказы і вырашыць тэхнічную праблему…

Еўрарадыё: Слухаю і нават вяду он-лайн трансляцыю!

Аляксандр Лукашэнка: Тады добра. І я вам у жывы эфір яшчэ раз кажу: выбары закончацца ў 8 гадзін — раю вам выконваць закон. Не таму, я паўтараю, бо вы на іншае ўвагу адцягнулі, што мы баімся гэтых 400 чалавек. Мы хвалюемся за тых зявак, якія звычайна збіраюцца вакол. І мяне насцярожвае, я сказаў ужо ўкраінцам з канала 1+1: хопіць дасылаць сюды баевікоў! Мы іх сотнямі затрымліваем на мяжы — яны не могуць патлумачыць, чаго яны сюды ідуць. Яны проста не думалі, што Лукашэнка зможа зачыніць мяжу. Забылі, што я памежнікам быў! Мы яе зачынілі. І мы шмат каго вымушаныя былі вярнуць, бо мелі з сабой траўматычную зброю. А тых, якія мелі з сабой гранаты, пісталеты і боезапасы — мы іх затрымлівалі. Вы ж гэтага не ведаеце, калі ходзіце па вуліцы. І ўчора ў сюжэце нашага тэлебачання правільна звязалі падзеі, калі выбухнула граната каля Вярхоўнай Рады. Загінулі людзі — хто за гэта адкажа? Таму, уваходзьце ў законнае рэчышча — вось вам уся палітыка.

Еўрарадыё: Ці зможа пасля выбараў апазіцыя праводзіць нейкія свае акцыі, дазвол ім даваць будуць?

Аляксандр Лукашэнка: Не праблема. У нас вызначаныя месцы, як у Вялікабрытаніі. Хочаце, яшчэ раз паглядзім на гэтыя месцы! Збірайцеся — я гэта буду вітаць. Хай збіраюцца, абмяркоўваюць праблемы, крытыкуюць уладу і становяцца апазіцыяй. Калі вы і далей будзеце жыць на замежныя гранты, мы гэтыя грошы ў вас адбіраць не будзем, але мы будзем народу казаць, на чые грошы вы ведзяце гэтую прапаганду. Калі вы не пяройдзеце гэты Рубікон, мы нікога не будзем лавіць, мачыць як у іншых дзяржавах — ніколі! Я вам гэта абяцаю.

Еўрарадыё: Верагодна, будуць спыненыя санкцыі еўрапейскія…

Аляксандр Лукашэнка: Вы радуйцеся, што будуць спыненыя санкцыі! Гэта ж не супраць Лукашэнкі будуць спыненыя санкцыі — яны будуць спыненыя супраць дзяржавы, супраць беларускага народа. Яны ўбачылі, што санкцыі — гэта ўціск. І ўпэўніліся, што Беларусь — прыстойная дзяржава. Вы ж не закрылі для Захаду ў эканоміцы іх транзіт праз Беларусь у Казахстан ці Кітай, як ад нас патрабуюць. Мы не сталі бучу тут рабіць і ўскладняць сітуацыю ва Украіне. Яны зразумелі, што мы нармальная дзяржава, тут жыве нармальны народ і таму супакойцеся — усё залежыць ад Захаду. Мяч жалезна там — амаль у браме, у заходняй браме. Мы зрабілі ўсё, што яны хацелі. Ну, здымуць санкцыі — я буду рад і вы таксама будзеце рады.

Еўрарадыё: Здымуць санкцыі — можа, у еўрапейскае турнэ паедзеце?

Аляксандр Лукашэнка: Калі я паеду ў еўрапейскае турне, то вас з сабой абавязкова вазьму!

Еўрарадыё: Можа, прапануеце кандыдатам пасады пасля заканчэння кампаніі?

Аляксандр Лукашэнка: Ну, калі яны захочуць працаваць на карысць краіны і будуць прафесіянальнымі, гэта дзве ўмовы, то міласці просім.

Еўрарадыё: Як Вы ўспрынялі тое, што ў кампаніі удзельнічае саперніца-жанчына?

Аляксандр Лукашэнка: Вельмі пазітыўна. Але Таццяна павінна разумець, што прэзідэнты-жанчыны могуць быць, іх жа шмат у свеце, але ў Беларусі канстытуцыя такая, што, магчыма, цяпер грамадства не гатовае выбраць жанчыну (я вас прашу, гэта ў эфір не трэба даваць, а то падумаюць, што я супраць яе выступаю). Ну ўявіце, галоўнакамандаючы узброенымі сіламі Беларусі.

Еўрарадыё: У Літве была

Аляксандр Лукашэнка: Кім яна камандавала? Яна не была, а ёсць. Яна ж прадстаўнічыя функцыі выконвае. У нас у прэзідэнта паўнамоцтваў куча. Ад бяспекі да эканомікі, якія пакуль што чалавек у спадніцы не зможа выконваць, а калі зможа, то наша грамадства да гэтага яшчэ не гатова. Вось і ўсё. А тое, што жанчына вылучылася, я вельмі рад, шчыра. Я пра гэта і казаў. Гэта нармальна, калі вылучыўся чалавек, прытым, я паназіраў, так, апазіцыянер, але не крычыць жа: "На Плошчу, Ламаць-крушыць" і г.д. Цалкам нармальны чалавек. У яе ёсць сваё разуменне, як у той жа Алексіевіч. У гэтай больш глыбокае. Колькі ў нас тысяч людзей у Беларусі са сваім меркаваннем, у тым ліку, апазіцыйным, дык што я супраць іх ваяваць буду? Не. Гэта іх права. Я павінен іх пераконваць. Час і жыццё пакажуць, хто меў рацыю. Напрыклад, у 2010 годзе нам быў падрыхтаваны майдан. Вы не чулі, калі я казаў, што Статкевічам ў той час кіравалі з Кіева. Дакладная цытата: "Ідзі, сядай у прэм'ерскае крэсла і кіруй! — Як сесці, калі не пускаюць?". І пачалі ламаць дзверы. І многія іншыя прыклады я не хачу варашыць. Нам быў падрыхтаваны гэты Майдан. І камандавалі ў тым ліку з Кіева. Я ведаў, да чаго гэта можа прывесці. Я прыняў адпаведныя меры. Без гранат, без выбухаў, без слезацечных газаў, без вадамётаў. Так ці не? Так. Спакойна мы іх паставілі на месца. А калі б не зрабілі? Намёты жа ставілі, як на Майдане, у нас на плошчы. Калі загадзілі ўвесь цэнтр, каналізацыю забілі. Вы гэта забылі? Калі наркату і шпрыцы даставалі з намётаў. Вось тады гэта ў нас магло бы быць. Не атрымалася. Яшчэ раз там нейкія хлапкі і іншае...спрабавалі расхістаць. Зламалі Украіну. Цяпер-та вы зразумелі, што ў 2010 годзе Лукашэнка меў рацыю. Вось выбары гэта і пакажуць. Таму перш, чым думаць пра штосьці асабістае, адпрацоўваць на Захадзе грошы, можа, нават сваёй рэдакцыяй праводзіць курс, трэба падумаць, што мы жывем у канкрэтнай краіне. І падумаць, што важней для нашай краіны. Гэта я кажу на будучыню. Я абсалютна не хвалююся за сённяшні дзень. Мы жывем у спакойнай нармальнай краіне, яна будзе і ў будучым такой.

Еўрарадыё: На якую пасаду Караткевіч?

Аляксандр Лукашэнка: Ну навошта нам цяпер казаць пра Караткевіч, гэта непрыстойна, яе ж тут няма. Я пагляджу дасье, на што вы здольныя, які ў вас досвед, што вы можаце пацягнуць на сваіх плячах. Які хамут. Той і павешу вам на шыю. Не хвалюйцеся. Нам вельмі патрэбныя прафесійныя і таленавітыя людзі. Я шмат чуў, яна неяк заявіла, што калі б супрацоўнічала з КДБ, яе б муж забіў і г.д. Гасподзь з табой, Таццяна! Ну калі ты хочаш стаць прэзідэнтам, ну ты памаўчы ўжо, не выказвай гэтага. Мы ведаем, хто твой муж, крайні апазіцыянер. І калі ты станеш прэзідэнтам, то хто будзе кіраваць краінай, радыкальны "зубрыст" ці ты? Ну а КДБ — гэта ж дзяржаўная структура. Яна ж наўпрост табе будзе падпарадкаваная, і ты так заяўляеш, разумееце, што гэта ўжо поўны правал. Гэта кажа пра тое, што як мінімум яна яшчэ малады палітык. Таму трэба акуратней падбіраць словы.

Я хачу паглядзець не толькі на яе. Якія там каманды. Я неяк быў дома, паслухаў іх дэбаты. Я не хачу характарызаваць іх, але ўсе казалі "у нас ёсць каманда і мы ўсе ведаем, як вывесці на высокую арбіту нашу Беларусь". Буду толькі рад, калі мне не толькі прапануюць тэарэтычна канцэптуальна, як гэта зрабіць, але і пакажуць свае каманды. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі