Вы тут

Лукашэнка даручыў прафсаюзам рыхтавацца да парламенцкіх выбараў

Аляксандр Лукашэнка і Міхаіл Арда / president.gov.by

Пра будучыя парламенцкія выбары Аляксандр Лукашэнка гаварыў на сустрэчы 2 траўня са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ардой.

Кіраўнік дзяржавы разлічвае, што прафсаюзы будуць актыўна ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. "Ад перадвыбарнай кампаніі далёка не сыходзьце — разам з грамадскімі арганізацыямі, органамі ўлады, дзесьці партыі будуць падлучацца да гэтага працэсу (незалежна, апазіцыйныя яны ці, як у нас прынята казаць, праўладныя)", — цытуе прэс-служба Лукашэнкі яго выказванні.

Раней Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці выбары ў Палату прадстаўнікоў у раёне 7 лістапада. 

На сустрэчы з Ардой ён выказаўся за тое, каб прадстаўнікі прафсаюзаў актыўна працавалі ў выбарчых камісіях і вылучалі свае кандыдатуры на будучых выбарах. "Гэта даведчаныя людзі, прадстаўнікі працоўных калектываў. Такіх людзей трэба падымаць і вылучаць — добрых спецыялістаў, якія маглі б працаваць у парламенце. Вы працавалі ў парламенце, ведаеце, што гэта нялёгкая праца. Таму нам вельмі важна, каб там былі талковыя людзі", — патлумачыў ён.

У сувязі з выбарамі Лукашэнка нагадаў, каб прафсаюзы займаліся маніторынгам цэнаў у Беларусі. "Вы абараняеце перш за ўсё, як вы сябе пазіцыянуеце, інтарэсы працоўных, нашых людзей. Зацікаўленасць чалавека ў цэнаўтварэнні самая прамая. Не такія багатыя ў нас людзі, каб купляць па шалёных цэнах прадукцыю, асабліва тую, якая вырабляецца ў нас: прадукты харчавання, адзенне і іншае", — заявіў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што праблема коштаў пастаянна ўсплывае пры ўсіх сацыялагічных апытаннях.