Лукашэнка дамовіўся з эмірам Катара аб цяснейшым эканамічным супрацоўніцтве
![Лукашэнка дамовіўся з эмірам Катара аб цяснейшым эканамічным супрацоўніцтве](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/luka_katar.jpg.webp?itok=0_Ln-zW4)
Аляксандр Лукашэнка і эмір Катара шэйх Таміма бен Хамад аль-Тані дамовіліся аб больш цесным гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Сустрэча кіраўнікоў дзвюх краінаў прайшла 30 кастрычніка ў Досе, куды Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам.
Бакі канстатавалі даверныя адносіны як на міждзяржаўным, так і на асабістым узроўнях, добрае ўзаемадзеянне ў палітыцы. Разам з тым адзначаная неабходнасць нарошчвання аб'ёмаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, бо гэтая сфера пакуль крыху адстае ад палітычнай, перадае прэс-служба беларускага кіраўніка.
Заяўлена, што цяперашняя сустрэча ў Досе з'яўляецца добрай нагодай, каб вызначыцца, як і ў якім кірунку прасоўваць двухбаковыя адносіны. У якасці ключавых названыя сферы інвестыцый і гандлю з акцэнтам на стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Перспектыўнымі кірункамі для развіцця супрацоўніцтва названыя дрэваапрацоўка, а таксама пастаўкі прадуктаў харчавання.
Лукашэнка прапанаваў даручыць урадам Беларусі і Катара вызначыць "тры-пяць добрых, выгадных абодвум бакам праектаў, якія маглі б стаць свайго кшталту лакаматывам развіцця адносінаў". Працягнуць абмеркаванне гэтых пытанняў мяркуецца і падчас будучага візіту Эміра Катара ў Беларусь.
Па выніках візіту чакаецца падпісанне шэрагу міжнародных дакументаў.