Лукашэнка больш не ганаровы доктар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта

Лукашэнка больш не ганаровы доктар Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта

Вучоная рада Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі (КНУ) пазбавіла Аляксандра Лукашэнку звання ганаровага доктара. Пра гэта паведамляе hromadske.ua са спасылкай на сябру Вучонай рады Марыю Горбань.

За пазбаўленне Лукашэнкі звання прагаласавалі 53 сябры рады, адзін быў супраць і адзін устрымаўся. Галасаванне было таемным.

Раней у КНУ не было распрацаванай працэдуры, каб пазбаўляць кагосьці звання ганаровага доктара. Таму Вучонай радзе давялося зрабіць змены ў парадак яго прызначэння, кажа прарэктар КНУ па сувязях з грамадскасцю Алена Дабржанская. Згодна з новымі правіламі Вучоная рада можа пазбаўляць такога звання, калі рашэнне падтрымаюць дзве траціны яе сяброў.

Акрамя таго, Вучоная рада ўніверсітэта вырашыла, што ў будучыні палітычных дзеячаў увогуле не будуць узнагароджваць званнямі ганаровага доктара Ўніверсітэта.

На сёння ў КНУ каля 80 ганаровых дактароў.

25 траўня з заклікам тэрмінова пазбавіць Лукашэнку звання ганаровага доктара выспуіў рэктар КНУ Уладзімір Бугроў. Яго заява прагучала пасля затрымання ў Беларусі блогера Рамана Пратасевіча.

Ганаровае званне доктара КНУ Лукашэнка атрымаў больш за 11 гадоў таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі