Лукашэнка: Беларусь будзе незалежнай, але зробіць максімум у аб'яднанні з Расіяй

Лукашэнка: Беларусь будзе незалежнай, але зробіць максімум у аб'яднанні з Расіяй

Беларусь застанецца незалежнай, але мы мусім зрабіць максімум у аб'яднанні з Расіяй — такую заяву 7 ліпеня зрабіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.

"Цяпер мы вельмі актывізаваліся па працы на расійскім напрамку. Суверэнітэт, незалежнасць — гэта святое. Інтарэсы беларускага народа. Але трэба разумець, што ў Расіі глабальныя інтарэсы. У іх таксама адпаведныя погляды на развіцьцё Беларусі. І гэта правільна. Сёння ўжо ўсе зразумелі, што такое Беларусь для Расіі і Расія для Беларусі. У гэтым плане нам таксама давядзецца актывізавацца. Захоўваючы суверэнітэт, незалежнасць, мы павінны зрабіць максімум па кааперацыі ў эканоміцы, па нашым адзінстве, яднанні. Усё зрабіць для таго, каб ніхто не мог кінуць камень у нас, што мы не вырашылі нейкія пытанні ва ўзаемаадносінах з Расіяй", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.

Па яго словах, напрамкі па развіцці супрацоўніцтва краін вызначаныя ў саюзных праграмах, якія трэба прапісваць у законы. 

"І, яшчэ раз падкрэсліваю, бачачы нашу дзяржаву ў перспектыве як суверэнную і незалежную. Мы дастаткова разумныя, як я гаварыў, для таго, каб з расіянамі выбудаваць нармальныя адносіны", — сказаў Лукашэнка.

1 ліпеня пра ўз'яднанне з Беларуссю гаварыў Уладзімір Пуцін. Цяпер у рыторыцы рэжымаў знікла любімае слова "інтэграцыі" і з'явілася "аб'яднанне".

"Беспрэцэдэнтны палітычны і санкцыйны ціск з боку так званага калектыўнага захаду падштурхоўвае нас да таго, каб паскорыць аб'яднаўчыя працэсы", — заявіў Пуцін.

Заходнія эксперты ў сваю чаргу мяркуюць, што Беларусь ужо з'яўляецца часткай Расіі, а Лукашэнка — гэта губернатар Пуціна ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі