Лукашэнка адказаў на крытыку Назарбаевым беларускага малака

Лукашэнка адказаў на крытыку Назарбаевым беларускага малака

18 верасня Аляксандр Лукашэнка выступіў на II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы. У сваёй прамове ён адказаў на крытыку беларускага малака, якая раней прагучала з вуснаў прэзідэнта Казахстана. Як паведамляла Еўрарадыё, Нурсултан Назарбаеў у размове з Уладзімірам Пуціным адзначыў, што "элементарна няма дакладнай мяжы паміж натуральным і адноўленым малаком". "Мы з нашым сябрам Аляксандрам Рыгоравічам спрачаемся, ён шпарыць сюды парашок, парашок разбаўляецца, прадаецца. Гэта зусім не неразведзенае малако", — гаварыў прэзідэнт Казахстана.

"Мы жывем у рынкавых умовах, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Купляюць у Казахстане такое малако — туды яго і вязуць. Калі б не куплялі — не павезлі б".

Кіраўнік Беларусі адзначыў, што няма такога тэрміну "натуральнае малако".

"Усе выдатна разумеюць, што і Расія, і Беларусь узаемна "сушаць" гэтае малако, выдаляюць ваду, — гаварыў Лукашэнка. — Калі пік малака падае, калі яго не хапае, Расія замаўляе ў Беларусі, мы часта купляем у Расіі гэта малако, разводзім яго, гэта значыць дадаючы ваду, і атрымліваецца нармалізаванае малако".

РІА "Новости" інфармуе, што на гэта Уладзімір Пуцін адзначыў: "Гэта ж не піва, навошта вы разводзіце малако?".

Таксама Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, што малочным напоем лічыцца прадукт, у які дадаецца сок. Ён параіў глыбей разбірацца ў тэме, пра якую даводзіцца гаварыць. Паводле слоў Лукашэнкі, у Еўразійскім эканамічным саюзе ёсць больш сур'ёзныя праблемы, чым малако.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі