Вы тут

Лукашэнка — аб прэтэндэнтах: вылезлі з-пад плінтуса і абяцаюць грошы з верталёта

На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі / president.gov.by

На нарадзе 25 траўня Аляксандр Лукашэнка выказаў крыўду на прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду. 

Па яго словах, выбары трэба арганізаваць добра, бо людзі пастаянна бачаць прадстаўнікоў улады. 

"Справа ў тым, што нам не трэба дрэнна арганізоўваць выбары. Людзі нас бачаць пастаянна. Мы не выскачылі з-пад плінтуса нечакана, як многія. Дзесьці былі — бах, зараз павылазілі ўсе і абяцаюць з верталёта па Беларусі раскідваць грошы", — цытуе словы кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка падкрэсліў, што грошы ў Беларусі зарабляюць цяжкой працай. "Больш будзеш працаваць — больш заробіш. З верталёта ніхто не скіне", — канстатаваў ён.

Цікава, што ніводзін з канкурэнтаў Лукашэнкі на выбарах з заявамі пра грошы з верталёта не выступаў. 

Лукашэнка дапусціў, што ў выбарчых бюлетэнях могуць быць прозвішчы ўсіх 15 цяперашніх прэтэндэнтаў. Усё, маўляў, залежыць ад сабраных галасоў. "Нават калі ўсе 15 будуць кандыдатамі — ну і што, людзі так вырашылі. А на выбарах усе вызначацца, за каго галасаваць, як галасаваць", — заявіў Лукашэнка. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.