Лукашэнка: 120% беларусаў супраць таго, каб увайсці ў склад Расіі

Лукашэнка: 120% беларусаў супраць таго, каб увайсці ў склад Расіі

Аляксандр Лукашэнка вельмі вобразна выказаўся пра магчымасць уваходжання Беларусі ў Расію. Заявы прагучалі падчас яго паездкі на цэлюлозна-кардонны камбінат у Светлагорску, перадае БЕЛТА.

"Вось вы не антырасійскія людзі, а нармальныя беларусы, якія любяць, паважаюць расіян. Але пастаў перад вамі пытанне, ці хочаце вы такога аб'яднання, каб Беларусь увайшла ў склад Расіі, — 120% скажуць "не", — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

Ён дадаў, што і ад расіян таксама атрымлівае лісты з просьбай, каб Беларусь не ўваходзіла ў склад іх дзяржавы. 

Лукашэнка абураецца тым, што яго папракаюць у зрыве інтэграцыі, хаця ён быў яе ініцыятарам. Кіраўнік Беларусі патлумачыў, як ён бачыць беларуска-расійскую інтэграцыю: "У эканоміцы інтэграцыя — гэта калі мы купляем рэсурсы ў Расіі (запасныя часткі для МТЗ, камплектуючыя для БелАЗа), робім трактары, аўтамабілі і прадаем на агульным рынку. І роўныя кошты. Вось што такое інтэграцыя. Што такое інтэграцыя на ўзроўні людзей? Свабоднае перамяшчэнне, няма ніякіх межаў. Пенсіі, налічэнні — усё як у адной краіне. Мы гэта зрабілі".

Ён заявіў, што з Расіі на яго ціснуць: уступайце ў Расію, тады атрымаеце нафту і газ па іншых коштах. Але сам Лукашэнка сумняваецца, што гэтыя абяцанні будуць выкананыя. "Вось у чым пытанне. А не ў тым, што я не дамоваздольны", — патлумачыў беларускі кіраўнік.

Таксама Лукашэнка абверг тэорыі пра тое, што Уладзімір Пуцін меркаваў застацца ва ўладзе пасля 2024 года за кошт далучэння Беларусі. "Няма ў Пуціна такой мэты. А калі і была, то мы два гады таму дамовіліся: ніякага ўваходжання Беларусі ў Расію быць не можа", — падкрэсліў ён. І дадаў, што прапаноўваў жартам, каб Расія ўступіла ў склад Беларусі. А кіраўніком новага ўтварэння магла б стаць, напрыклад, Наталля Качанава. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі