Літва пераходзіць на еўра. Што зменіцца для беларусаў?

“Увод еўра для Літвы — гэта не толькі эканамічны, але і яскравы палітычны крок. Да яго Літва ішла ўвесь час пасля ўступлення ў Еўрасаюз”, — мяркуе вільнюскі палітолаг Віктар Дзенісенка.

І дадае, што гэта ўжо другая спроба пераходу Літвы на еўра. Першая, няўдалая, была ў 2007 годзе. Тады літоўскі ўрад не выканаў усяго адно са шматлікіх патрабаванняў — гадавая інфляцыя ў краіне перавысіла неабходны парог на 0,1%.

Аб тым, што Літве дазволяць перайсці на еўра з пачатку 2015 года, канчаткова становіцца вядома 23 ліпеня. Але літоўцы пачынаюць рыхтавацца загадзя. Нават дызайн манет з “Пагонямі” ўжо падрыхтаваны.

Літоўцы стануць трэцяй і апошняй прыбалтыйскай краінай, якая ўвойдзе ў еўразону. Эстонія зрабіла гэта яшчэ ў 1999 годзе, Латвія зусім нядаўна — у пачатку 2014. Праўда, пакуль латышы асаблівай выгады не адчулі. Згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі, 87% грамадзян Латвіі пасля пераходу на еўра заўважылі рост цэнаў, 34% не заўважылі нейкіх пазітыўных перамен, яшчэ 27% увогуле не маюць канкрэтнага меркавання на гэты конт. Сярод плюсаў ад уваходу ў еўразону латышы часцей за ўсё называюць адсутнасць патрэбы мяняць зберажэнні ў латах на еўра (як гэта было да 2014 года) і зручнасць падчас падарожжаў у Еўропу.

У папулярных сярод беларусаў гандлёвых цэнтрах пакуль не могуць спрагназаваць, як пераход на еўра паўплывае на колькасць кліентаў з паўднёвай суседкі. Запэўніваюць толькі, што цэны заўважна не павысяцца.

Рэч у тым, што літоўскі літ (разам з балгарскім леем і дацкай кронай) ужо шмат гадоў прывязаны менавіта да еўрапейскай валюты. Курс еўра ў Літве практычна не змяняецца, а таму пераход на новую валюту — справа збольшага тэхнічная.

Меркаванне гандляроў часткова падзяляе і эксперт Віктар Дзенісенка. Ён гаворыць, што цэны вырастуць. Але заўважыць гэта можна будзе толькі ў сферы паслуг.

“Як прагназуецца, цэны не павінныя вырасці. Але калі і вырастуць, то гэтае падвышэнне будзе нязначным. Гэта мы гаворым пра цэны на прадукты харчавання. А вось цэны на паслугі — так. Яны могуць павялічыцца больш значна”.

Так што для нас з вамі паездкі ў Вільню ў наступным годзе могуць стаць нават больш выгаднымі, чым цяпер. Набытыя ў Мінску за беларускія рублі еўра не трэба будзе мяняць на літы. А гэта значыць, што абыдземся без чэргаў у прывакзальныя абменнікі і камісіі банкам.

Фота — dcdn.lt

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі