Вы тут

Літоўскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю яшчэ адну групу нелегалаў

Чарговую групу нелегалаў ля мяжы з Беларуссю затрымалі ў чацвер вечарам / pasienis.lt​

Літоўскія памежнікі ўвечары ў чацвер затрымалі чарговую групу грамадзян, якія нелегальна спрабавалі трапіць у Літву з тэрыторыі Беларусі. Мігрантаў выявілі ў Ігналінскім раёне, паведамляецца на сайце памежнай службы Літвы.

У семярых з васьмі затрыманых былі пашпарты грамадзян Ірака. У восьмага мужчыны не было дакументаў, але ён сказаў, што таксама з'яўляецца выхадцам з гэтай краіны.

Затрыманыя папрасілі прытулку ў Літве. Іх пратэстуюць на COVID-19.  Да атрымання вынікаў яны будуць на ізаляцыі. 

У Службе аховы літоўскай дзяржаўнай мяжы нагадалі, што з пачатку года з Беларусі ў Літву спрабавалі нелегальна з'ехаць больш за 400 замежнікаў. У апошнія месяцы паток нелегальных мігрантаў істотна ўзрос. Літва была вымушаная ўзмацніць ахову дзяржаўнай мяжы.

Раней Лукашэнка ў адказ на пагрозы санкцый супраць Беларусі папярэдзіў заходнія краіны: "Мы спынялі наркотыкі і мігрантаў — цяпер будзеце самі іх ёсць і лавіць". Пра гэта ён сказаў у канцы траўня ў парламенце.

У Мінск тым часам сталі прылятаць самалёты з Ірака з арганізаванымі групамі пераважна мужчын. Іх сустракаюць прадстаўнікі турфірм, але ад каментароў пры гэтым адмаўляюцца. Не хочуць гаварыць з журналістамі ні тыя, хто сустракаюць, ні госці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.