Лідары ЕС не едуць на парад Перамогі ў Маскву, Лукашэнка — не вызначыўся

Еўрапейскія лідары адмаўляюцца ехаць у Маскву на парад з нагоды 70-годдзя Перамогі. За месяц да ўрачыстасцяў кіраўнікі многіх еўрапейскіх краін заявілі пра сваю адмову ад запрашэння, яшчэ ладная частка лідараў ЕС пакуль не вызначылася з рашэннем. Пра гэта піша расійскае выданне КоммерсантЪ.

Паводле выдання, ад удзелу ў святкаванні 70-годдзя Перамогі ў кампаніі расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна адмовіліся кіраўнікі Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Ізраілю, Латвіі, Малдовы, Нідэрландаў, Нарвегіі, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Славеніі, ЗША і Украіны. Таксама ў Маскву не паедуць лідары Фінляндыі, Харватыі, Чарнагорыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі. Не наведае Маскву і кіраўніцтва азіяцкай краіны Японіі.

Сярод афіцыйных тлумачэнняў адмовы ад запрашэння ці не палова краін называе ўдзел Расіі ў канфлікце на ўсходзе Украіны. Што да чэшскага прэзідэнта Мілаша Зэмана, вядомага сваім прыхільным стаўленнем да Расіі, то ён прыедзе ў Маскву, але не будзе ўдзельнічаць у парадзе Перамогі. У часе ўрачыстасцяў ён правядзе перамовы з прэм’ерам Славакіі Робертам Фіца.

У спісе запрошаных ёсць нямала тых, хто пакуль яшчэ не вызначыўся наконт удзелу ў маскоўскім парадзе. Сярод такіх палітыкаў — беларускі лідар Аляксандр Лукашэнка. Яго прэс-служба патлумачыла, што травеньскі графік будзе вельмі насычаным, таму інфармацыю пра візіт Лукашэнкі ў Расію пакуль не пацвярджаюць.

У пералік “нявызначаных” таксама ўвайшлі лідары Албаніі, Венгрыі, Грэцыі, Даніі, Іспаніі, Італіі, Францыі і Паўднёвай Карэі.

Удзел у парадзе пацвердзілі кіраўнікі Абхазіі, Азербайджану, Арменіі, Босніі і Герцагавіны, Бразіліі, В’етнаму, Егіпту, Індыі, Ісландыі, Казахстану, Кіпру, Кіргізіі, Кітаю, Кубы, Македоніі, Манголіі, Паўночнай Карэі, Сербіі, Таджыкістану, Туркменістану, Узбекістану, ПАР і Паўднёвай Асетыі.

Ілюстратыўнае фота з сайта topwar.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі