Лічба 3, чэргі, тапкі і "Тараканішча": што яшчэ могуць забараніць у Беларусі?

АМАП у Беларусі / Еўрарадыё
АМАП у Беларусі / Еўрарадыё

Крама SYMBAL.by — афіцыйна ўсё. Прычынай закрыцця ўладальнік крамы Павел Белавус назваў ціск з боку ўладаў. Людзі, якім бізнес Белавуса падабаўся, выстраіліся каля крамы ў чаргу — і трапілі ў аўтазак.

Белавус звязвае ціск на SYMBAL.by са з'яўленнем у продажы маек з мемным надпісам " ПСІХО3%". Папулярны ў Беларусі мем пра 3% рэйтынга Лукашэнкі, як і мянушку Таракан, ужо даўно заўважылі ў Адміністрацыі прэзідэнта. На сустрэчы з праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце Лукашэнка скардзіўся на абедзве крыўдныя мянушкі.

Тыя самыя "3%" здабылі па-сапраўднаму народны маштаб: графіці можна сустрэць ледзь не на кожным плоце і сцяне, а трохадсоткавую зніжку іранічна прапануе прыватны бізнес па ўсёй краіне. І калі закрыццё SYMBAL.by рэальна звязана з ціскам уладаў праз тэматычныя майкі, то ў нас сумныя навіны: у найбліжэйшы час у Беларусі могуць яшчэ шмат чаго забараніць. Пафантазіруем, што будзе, калі закручванне гаек у Беларусі дойдзе да абсурду. Некаторыя пункты дададзеныя дзеля жарту. Але ў краіне, дзе АМАП зачышчае чаргу да крамы, мы ўжо нічому не здзівімся.

 

Лічба 3

Наўрад ці, вядома, міністр адукацыі Ігар Карпенка зможа перапісаць падручнікі матэматыкі так, каб выключыць адтуль вывучэнне лічбы "3" і паняцця адсоткаў. Тым не менш улады могуць прыняць шэраг мер супраць аматараў паіранізаваць.

Бізнесу, які цяпер прапануе зніжкі на 3%, могуць недалікатна намякнуць: 2% і 4% — гэта дапушчальна, а лічба паміж імі — просты шлях да чарговай праверкі, якая можа стаць апошняй. А выпадак Белавуса паказвае, што быў бы бізнес — а прычына закрыцця заўсёды знойдзецца.

А барацьба камунальнікаў з графіцістамі скончыцца першым чалавекам, які пападзецца з доказамі злачынства і якому прыпішуць усе надпісы "3%" у яго населеным пункце. Сума і штрафу і шкоды выйдзе ўражальная, а караць рублём у нас любяць.

Мы не будзем асуджаць улады, калі яны прымуць рашэнне прыбраць з вуліц "Табакеркі" з графіці "3%". На іх надпіс чамусьці сустракаецца асабліва часта.

 

Цифра 3, очереди, тапки и “Тараканище”: что ещё могут запретить в Беларуси?

Казка "Тараканішча"

Сам слоган "Стоп, Таракан!", які папулярызаваў блогер Сяргей Ціханоўскі, дорыць неабмежаваны прастор для фантазіі забаронных органаў. Пачаць можна з казкі "Тараканішча" Карнея Чукоўскага. Фрагменты пра тое, як жывёлы аб'ядноўваюцца супраць вусатага ўзурпатара, не раз цытавалі на стрымах блогера яго прыхільнікі.

Казку, якая ўпершыню была надрукаваная ў 1923 годзе, многія тады ўспрымалі як сатыру на Іосіфа Сталіна. Тым не менш у СССР твор забаронены не быў: нават былі знятыя два мультфільмы, адзін з якіх — пры жыцці Сталіна.

Але нішто не перашкаджае Беларусі, якую часта ўспрымаюць як "савецкі запаведнік", дагнаць і перагнаць СССР у маразмах цэнзуры. Калі раптам з паліц кніжных крамаў знікнуць казкі Карнея Чукоўскага, нават не здзіўляйцеся.

Дарэчы, кнігі "Паўстанне мас" іспанскага філосафа Хасэ Артэгі-і-Гасета, якую згадваў фаварыт цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі Віктар Бабарыка, ужо няма ў продажы ў інтэрнэт-крамах. Аднак, напрыклад, пляцоўка OZ.by тлумачыць гэта ўзрослай чытацкай цікавасцю — маўляў, распрадалі ўвесь тыраж.

 

Тапкі

Цифра 3, очереди, тапки и “Тараканище”: что ещё могут запретить в Беларуси?

Тапак, якім можна прыстукнуць таракана, стаў адным з атрыбутаў пратэстаў у Беларусі. На пікеты ў падтрымку Святланы Ціханоўскай людзі прыносілі і звычайныя в'етнамкі, і метровыя сланцы, спецыяльна зробленыя з кардону. Тапак — вельмі зручны сімвал: ёмка перадае сутнасць, ёсць у кожным доме, у транспарціроўцы і выкарыстанні куды прасцейшы, чым, напрыклад, вуда-дрэўка для БЧБ-сцяга або транспарант з палітычным лозунгам. Усё геніяльнае проста.

Тапкі прыбіраць з продажу не будуць. А навошта? У кожным доме іх ужо поўна. А вось забарона на з'яўленне ў хатнім абутку ў грамадскіх месцах не здаецца чымсьці нерэальным. Магчыма, у МУС з'явіцца новы спецаддзел — "Міліцыя моды".

 

Чэргі

Лета-2011 увайшло ў найноўшую гісторыю Беларусі "маўклівымі акцыямі", а вось лета-2020 ужо бясспрэчна ўвойдзе чэргамі як новым спосабам пратэсту беларусаў. Усё пачалося з чэргаў да столікаў, дзе збіралі подпісы за альтэрнатыўных вылучэнцаў у прэзідэнты. Акцыі працягнуліся чэргамі ў падтрымку пасаджаных сапернікаў Лукашэнкі. І вось вынік: бяскрыўдную чаргу да крамы разганяе АМАП.

"Ціхароў" з камерамі заўважылі нават у чэргах па пітную ваду, якія цалкам легальна выстройваліся да цыстэрнаў у Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы. Але тут ужо ўсё было легальна. Вада сапраўды смярдзела, піць яе было нельга, і ў спякотнае лета людзям трэба было неяк ратавацца.

Практычна любую вулічную чаргу можна кваліфікаваць як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Барацьба з імі, магчыма, займее і станоўчы эфект: у IT-краіне пэўныя паслугі канчаткова стануць лічбавымі.

 

Цифра 3, очереди, тапки и “Тараканище”: что ещё могут запретить в Беларуси?

"Ютуб"

Барацьба з блогерамі ў Беларусі ўвайшла ў завяршальную стадыю: за кратамі ўжо сядзяць многія ўладальнікі буйных палітычных каналаў як "Ютуба", так і "Тэлеграма".

Але пасадка ўсіх блогераў не дае гарантый, што не з'явяцца новыя. Чаму б не прыкрыць самі пляцоўкі?

Маючы расійскі досвед прайгранай вайны з "Тэлеграмам", беларускія ўлады наўрад ці паспрабуюць "прыкрыць" гэты месенджар (тым больш там ёсць многія афіцыйныя каналы беларускіх ведамстваў, а таксама канал "Пул первого", набліжаны да Адміністрацыі прэзідэнта). А вось з "Ютубам", безумоўна, можна паспрабаваць. Кітай, Паўночная Карэя, Іран, Сірыя, Судан, Туркменія, Непал — ва ўрадаў усіх гэтых краін атрымалася. Чым мы горшыя?

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі