Леслі “Нож”: “Тры рэчы назаўжды: паганства, метал і Беларусь”

Нязменны вакаліст гурта GODS TOWER у інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў, як выходзіў са шматгадовага запою і чаму не п’е цяпер, што выцягнула гурт з небыцця, якія песні трапяць у канцэртную праграму і чаму, каб падымаць у Гомелі цяжкі метал, трэба быць хаця б грузчыкам. Еўрарадыё: Што абудзіла GODS TOWER да жыцця пасля 8 гадоў маўчання? Засумавалі па сваёй музыцы, ці проста хочацца аднавіць былую славу?

Леслі “Нож”: Гэта быў націск звонку. Неяк атрымалася, што тая музыка, якую мы рабілі 10 гадоў таму, увогуле не страціла актуальнасці. І нават цэлая генерацыя ўзрасла, якая гэтую музыку не тое, што шануе, а нават грае нешта такога плана. І працягвае гэтую справу.

Ну чыму б і не? Так артымалася, што знайшліся людзі, якія змаглі арганізаваць нас, падтрымаць. А самі па сабе мы не сабраліся і не гралі б увогуле. Адраджэнне GODS TOWER — гэта ведаеш, чыя заслуга? Гэта цалкам заслуга інаверы.

“Не разумею людзей, якія абараняюць інтарэсы нябожчыка”

Еўрарадыё: Гаворка пра ціск абставінаў, а не аднаго канкрэтнага чалавека?

Леслі “Нож”: Натуральна, у інтэрнэце, напрыклад, стварыліся цэлыя суполкі, якім GODS TOWER патрэбны, я скажу так. Але я ўвогуле не хацеў брацца за гэтую справу! Па-першае, я ўяўляў GT гітарным гуртом. І гітарыст быў там вельмі важкі. Няма гітарыста — няма GODS TOWER. Але зараз мы парэпетавалі, і я ўбачыў, што трохі...

Еўрарадыё: ...памыляўся?

Леслі “Нож”: Не ў тым справа. За 8 гадоў вырасла пакаленне гітарыстаў, выхаваных на гітары Ўракава. І выявілася раптам, што гітарсыта для GODS TOWER можна знайсці без усякіх праблем!

Еўрарадыё:
Чалавека, які падзяляе яго погляды на музыку?

Леслі “Нож”: Погляды, манеру выканання. Уракаў быў сапраўднай асобай. Але мы ўзялі ў склад GODS TOWER яго вучня. Ён — не копія. Але вельмі падобны да Ўракава. Ён грае амаль так жа. І амаль так жа сябе паводзіць.



Еўрарадыё: Ці паспеў ужо адноўлены GODS TOWER хаця б раз выйсці на сцэну?

Леслі “Нож”: Не. Канцэрты ў нас пачынаюцца ў наступным месяцы. Але я не ведаю, ці можна ўжо пра іх паведамляць...

Еўрарадыё: У Мінску ўжо вядома пра ваш хуткі выступ з гуртом ZNICH. А на старонцы ў “Вікіпедыі” вісіць абвестка пра канцэрт ва Ўкраіне, на фэсце “ПраРок”.

Леслі “Нож”:
Яшчэ адзін канцэрт будзе 1 ліпеня ў Гомелі. І на наступны дзень — у Маскве.

Еўрарадыё: Тады пакуль што зарана пытацца пра тое, як прымае новага гітарыста публіка... Але можа ўжо ёсць пэўная рэакцыя ад самых блізкіх прыхільнікаў?

Леслі “Нож”: Гэтае пытанне нам насамрэч па барабане. Як яны адрэагуюць — гэта іх справа. А калі пайшла гаворка пра Ўракава – я не разумею тых, хто так упарта адстойвае нейкія міфічныя інтарэсы нябожчыка. Яны што, намагаюцца, каб GODS TOWER увогуле не было? Ці падштурхоўваюць нас да таго, каб мы заняліся вуду, адкапалі яго, ажывілі і паставілі на сцэне, каб граў? Мы на гэтае пытанне не звяртаем увагі, яно па-за бортам.

“Новыя песні ў рэпертуары GODS TOWER з’явяцца вельмі няхутка”

Еўрарадыё: Раскажыце пра мінскі канцэрт са ZNICH. Ці шмат будзе старых песень?
Што павязеце ва Ўкраіну?

Леслі “Нож”: Вось у гэты перыяд, які плануецца, 90% будзе класічных рэчаў GODS TOWER. Тыя, па якіх усе 8 гадоў публіка сумуе. І яшчэ 10% — гэта рэчы, створаныя, але не рэалізаваныя падчас існавання гурта. Бо ў нас незапісаным застаўся цэлы альбом! Ён толькі на відэазапісах захаваўся, на бутлегах. Я на старажытных нейкіх аўдыёкасетах знаходзіў жудасныя запісы...

Еўрарадыё:
Ну і, натуральна, гэтыя песні захаваліся ў галавах і ў пальцах музыкаў.

Леслі “Нож”: Вось з гэтага мы і будзем пачынаць. А ўвосень зробім яшчэ вялікую частку працы і паедзем у тур, падчас якога будзем граць ужо большую частку спадчыны GODS TOWER. Адразу скажу, што новыя рэчы ў рэпертуары GODS TOWER з’явяцца няхутка. Бо сваёй галоўнай задачай мы цяпер лічым узнавіць і запісаць тое, што неўзабаве можа быць страчана...

Еўрарадыё:
Падчас працы над кніжкай “Залатыя дыскі беларускага рок-н-рола” я атрымаў ад вас ліст, у якім вы распавядалі пра працу ў новым гурце The REGENT. І яшчэ вы пісалі, што вас вабіць “класічны heavy metal у духу OZZY, SAXON ды MOTORHEAD”. Што здарылася з тым праектам?

Леслі “Нож”: Нічога асабліва не змянілася! Для мяне гэты стыль і цяпер цікавы. Але што тычыцца The REGENT... Гэты праект закансерваваны. Ён сыйшоў у цень. Праўда, тое, што ён не працуе і нічога не запісвае, не азначае, што гурт знік. Рукі дойдуць — будзе і ён працаваць. Але цяпер ёсць GODS TOWER, ёсць Distortion, ёсць яшчэ адна каманда ва Ўкраіне, якая зараз толькі пачынае... Так што працы мне хапае.

А The REGENT фактычна быў клубам па інтарэсах. Туды ўваходзілі людзі, якія цалкам аддавалі сябе 80-му музлу. Але зараз разыйшліся, ды і часу няма. Але, паўтаруся, гурт афіцыйна не распаўся. Ён існуе, але не актыўны.

“Алкаголь павінен абавязкова прысутнічаць у жыцці металюгі”

Еўрарадыё: Не толькі вы пасля распаду GODS TOWER працягнулі музычную кар’еру ў іншых гуртах. Дастаткова прыгадаць гурт RASTA...

Леслі “Нож”: Зараз я дзейнасць гурта RASTA разглядаю як лагічную падрыхтоўку да ўзнаўлення GODS TOWER. Яна запаўняла вакуум, што ўтварыўся пасля таго, як мы разышліся. І яе галоўная заслуга ў тым, што металёвы рух на Гомельшчыне не памёр. RASTA рухала ўсё. Так што ёсць хлопцам, за што дзякуй сказаць.

Еўрарадыё: Якім вы ўяўляеце новы матэрыял GODS TOWER? Хто піша новыя песні?

Леслі “Нож”: Думкі ёсць, але пакуль што ўсё ляжыць у скрыні. І хай ляжыць. Давайце восені пачакаем, калі будзе пра што казаць. А зараз трэба зрабіць тое старое.

Еўрарадыё:
Якія змены з тых часоў, калі распаліся GODS TOWER, адбыліся ў вашым жыцці? Кажуць, што вы кінулі піць...

Леслі “Нож”: Алкаголь павінен абавязкова прысутнічаць у жыцці металюгі. Хаця б у якасці дэкарацыі. Галоўнае — гэта ажыятаж! А я не п’ю таму, што ў мяне двое дзетак. І зграбная жонка! Дык навошта мне піць?

Еўрарадыё: Гэтыя шчаслівыя падзеі — вяселле, нараджэнні дзетак — адбыліся ў той прамежак часу, калі гурта GODS TOWER не існавала?

Леслі “Нож”:
Так. У 2005 годзе нарадзілася першае дзіцё. Пасля — вяселле. А пасля і яшчэ адзін дзіцёнак нарадзіўся. Так што цяпер я family-мэн, сямейны чалавек. Але ў мяне жонка творчая, і сам я творчы. Метал ніколі не кіну. І не хачу, каб дзець пасля казалі, што бацька быў... проста бацька. Будзе тое, што ёсць.

“Леслі “Нажом” я застануся да самай дамавіны”

Еўрарадыё: А жонка любіць GODS TOWER?

Леслі “Нож”: Натуральна, любіць. Але больш паважае класічны рок. Яе улюбёная каманда — Queen, а выканаўца, натуральна, Фрэдзі Мэрк’юры.

Еўрарадыё: Вы застаецеся ў творчым асяродку Леслі “Нажом”, ці цяпер ператворыцеся ў Славу Наважылава?

Леслі “Нож”:
Як бы табе патлумачыць... “Нож” — гэта тытул. Гэта не проста мянушка. Каб стаць “Нажом”, трэба дарасці. Так што Леслі “Нажом” я застануся да самай дамавіны. Тут аніякіх зменаў не прадбачыцца.

Еўрарадыё: Ці былі думкі наконт таго, каб змяніць назву? ПАНИ ХИДА (была такая група ў Беларусі пры канцы 1990-х, нават рок-кароны выйгравала) змяніла назву на больш сучасную і аптымістычную Cola-Manola...

Леслі “Нож”: А які сэнс нам мяняць назву? З музычнага гледзішча магчыма будуць змены. Можа трошкі зменіцца лагатып. Але назву і стыль мяняць я ўвогуле сэнсу не бачу.

Еўрарадыё: Падчас запісу альбома “The Eerie” у вас была незвычайная для музыкі прафесія – пекар...

Леслі “Нож”:
...затое цяпер прафесія самая звычайная для музыкі — грузчык! Я працую там, дзе ў нас грошы даюць, разумееш? Будзе іншае месца працы – перайду туды, але... Ты ж улічвай, што я проста бухаў гады чатыры. Быў у чорным запоі. Не разумеў, што адбываецца навокал. Але ў той жа час у мяне было 5 праектаў. І я нападпітку лётаў з адной рэпетыцыі на іншую, і нідзе, нідзе не працаваў! А пасля — дзе ўладкаваўся, там і працую.

Еўрарадыё: Значыць, і з “фізухай” зараз усё добра?

Леслі “Нож”: Натуральна! Я ж не маленькі, не кволы!

“Тры рэчы для мяне застануцца назаўжды: паганства, метал і Беларусь”.

Еўрарадыё:
Па некаторых звестках, за апошнія 8 гадоў вы істотна паглыбіліся ў тую субкультуру, да якой належала творчасць GODS TOWER?

Леслі “Нож”:
Ты маеш на ўвазе паганства? Ну так я паганцам быў і паганцам застануся! Але цяпер больш талерантны. Жонка мая праваслаўная, і мяне гэта не засмучае. Я лічу, што гэта нармальна. Паганства — ад пачатку вельмі талерантная рэч.

Тры рэчы, якія для мяне застануцца назаўжды: паганства, метал і Беларусь.

Еўрарадыё: Для мяне, дарэчы, было вялікай неспадзяванкай тое, што вы будзеце адказваць па-беларуску.

Леслі “Нож”: Насамрэч, я нацыяналіст. Але Гомель — гэта настолькі рускамоўны горад, што беларуская мова — гэта клубная рэч. Тут не разгарнешся... Але для мяне тры мовы: беларуская, руская і англійская — складаюць пэўную раўнавагу.

Дарэчы, я калі ў Кіеў езджу (а я там бываю часцяком), я размаўляю па-беларуску. А кіеўляне са мной гавораць на ўкраінскай мове, і мы добра адно аднаго разумеем. Там з гэтым пытаннем прасцей.



Уладзіслаў Наважылаў, таксама вядомы як Леслі “Нож” (Lesley Knife) — гомельскі музыка, вялікі прыхільнік цяжкай музыкі. У 1992 годзе разам з гітарыстам Аляксандрам "Музыкам" Уракавым заснаваў гурт GODS TOWER — першапраходцу паганскага руху ў Беларусі і не толькі. Пасля распаду GT у 2002 годзе жыве ў Гомелі. Працуе грузчыкам. Жанаты. У яго двое дзяцей.

Фота: Афіцыйны сайт GODS TOWER.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі