Лепшыя музычныя імгненні года з Еўрарадыё

2009-ты год адкрыў новыя музычныя імёны, выдаў моцныя альбомы, парадваў яскравымі канцэртамі і імпрэзамі. Фотахроніку музычнага 2009-га глядзіце тут!

СТУДЗЕНЬ

На прыканцы студзеня беларускі музычны інтэрнэт-партал "Тузін хітоў" выдаў складанку "Прэм'ер Тузін-2008" і  адзначыў сваё пяцігоддзе канцэртам ў Графіці.

Музычны гід “Experty.by” упершыню ўручыў узнагароды ў 10 намінацыях. "Лепшым альбомам" года стаў дыск "Сон-трава" этна-трыа "Троіца". "Ляпісаўскі" "Маніфест" атрымаў перамогу ў намінацыі "Лепшы рок-альбом".

САКАВІК

Трыумфатармі сакавіка бяспрэчна стаў "касмічны
цырк аўтсайдэраў" гурт "Ляпіс Трубецкой": у межах прэзентацыі альбома "Маніфест" музыканты адыгралі вялікі сольны канцэрт у "Палацы спорту", а праз тыдзень перамаглі адразу ў трох намінацыях на "Рок-каранацыі-2008", што адбылася ў Маладзечне.

КРАСАВІК

Лічба 2009 сталася шчаслівай для маладой мінскай каманды The Toobes, якая, па-першае, выдала свой дэбютны альбом у Беларусі, па-другое 2 разы ўзарвала мінскі "Рэактар" трыўмфальнымі канцэртамі, па-трэцяе, падпісала кантракт з сусветнавядомым брытанскім музыкам Трыкі, які рыхтуе да выхаду еўрапейскую версію альбома "Hello", па-чацвёртае, разагрэла ў Піцеры брытанцаў Franz Ferdinand, па-пятае, прэзентавала ў Маскве расійскае выданне альбома "Hello", па-шостае, выпусціла выдатны кліп на песню "Madonna".

2009 — юбілейны год для гурта "J:морс". Напачатку года ў складзе гурта адбыліся змены: гітарыста Рамана Арлова змяніў Павал Траццяк. У красавіку "J:морс"  прэзентаваў новы і самы доўгі па часе падрыхтоўкі альбом "Аквамарин". А ў снежні  музыканты адзначылі 10-годдзе эксклюзіўнай праграмай "Канцэрт у тэатры —сеанс з выкрыццём".

ТРАВЕНЬ

Легендарныя Apple Tea падцвердзілі сваё нязменна высокае майстэрства прэзентацыяй  новага альбома "V" і гастрольным турам па гарадах Беларусі.

Адбыўся першы рэспубліканскі фестываль
жывой актуальнай музыкі "Bela
Music-09"
: адкрытую пляцоўку аэраклуба "Баравая" ускалыхнула музыка найлепшых
рок-гуртоў Беларусі, якія яшчэ зусім
нядаўна былі ў "чорных спісах".

ЧЭРВЕНЬ

З пачаткам лета Еўрарадыё адправілася ў падарожжы па фестывалях Еўропы. Першымі беларусаў запрасіла суседняя Літва:  у 50 метрах ад беларуска-літоўскай мяжы на тэрыторыі Нарвілішскага замку ў трэці раз адгрымеў фестываль Be2gether.

ЛІПЕНЬ

На тым жа месцы(Гарадок) і ў той жа час(ліпень) фестываль маладой беларускай рок-музыкі "Басовішча" адсвяткаваў сваё 20-годдзе. Арганізатары абліваліся шампанскім і зрабілі фармат фэста лягчэйшым, чым звычайна.

ЖНІВЕНЬ

Фестываль-вандроўнік "Be Free" нарэшце знайшоў месца сваёй дыслакацыі ва ўкраінскім Чарнігаве. Фэст, хэдлайнерамі якога сталі "Ляпіс Трубяцкой" і "Воплі Відаплясава", наведала каля 10 тысяч чалавек.

На прыканцы лета Мінск асвяціў фестываль феерверкаў "Навальніца". Каманды піратэхнікаў з розных краін спаборнічалі ў майстэрстве падпальваць паветра, а беларускія гурты "запалілі" фестывальныя ночы сваім драйвам і энергетыкай.

ВЕРАСЕНЬ

IV фестываль "Рок за Баброў", што адбыўся ў верасні, стаў працягам "мокрых" і безалкагольных
фестываляў Беларусі ў 2009 годзе. Падчас фэсту зоркі беларускага і украінскага шоў-бізнесу пасадзілі 92 "імянныя" дрэвы ў Сілічах.

Тым жа часам на тэрыторыі музею народнай архітэктуры і побыту адбыўся першы фестываль фольк-музыкі "Камяніца". На сцэну ўзняліся гурты "Джамбібум", "Гаротніца", "Kriwi", "Стары Ольса" ды іншыя. У будучыні арганізатары спадзяюцца зрабіць фэст штогадовым і прывабіць да
ўдзелу ў ім лепшыя фольк-калектывы
краіны і замежжа.

Вераніка Круглова і гурт KRIWI раптоўна з’явіліся на беларускай сцэне пасля вялікай паўзы. Цяпер яна зноў дае канцэрты ў Мінску
і кажа, што за апошнія некалькі гадоў стамілася ад ролі жонкі, мамы і
ад гаспадаркі і зараз зноў адчувае ў сабе сілы і амбіцыі.

КАСТРЫЧНІК:

The Prodigy выступілі ў Мінску. Сапраўдныя жывыя The Prodigy. Нягледзячы на дрэннае надвор'е, якое панавала ў Мінску 5-га кастрычніка, аматары рэйву і шоў адрываліся па поўнай праграме. Дарэчы, рэклама канцэрту зорак сусветнага тэхна была паўсюль, нават на курыных яйках!

Пяты па ліку фэст барабаннай музыкі "Барабанны Біт-2009" сабраў поўную залу ДК МАЗ і супаў з бенефісам і святкаваннем 35-годдзя творчай дзейнасці аднаго з найлепшых бубначоў Беларусі Аляксандра Сапегі.

Лепшай музычнай падзеяй года можна назваць адроджаны фэст "Рок па Вакацыях", які сабраў сапраўдных каралёў беларускага року пад дахам "Рэактара" і заставіў 1000-ю аўдыторыю паверыць у тое, што рок-н-рол жыве!

ЛІСТАПАД:

2009-ты год для многіх беларускіх каманд стаў юбілейным. Так, этна-трыа "Троіца" адсвяткавала сваё 10-годдзе вялікім кацэртам у КЗ "Мінск", падчас якога вяліся здымкі DVD гурта, што ладзіў тэлеканал ОНТ і была прэзентаваная кніга Івана Кірчука "Менестрэлі і аўтабаны".

Ужо звыклымі і ўлюбёнымі для шматлікіх прыхільнікаў творчасці гурта "Без Білета" сталі канцэрты з назвай "Дзень безбілетніка", якія ладзяцца ў лістападзе. Сёлета сваё свята гурт "Без Білета" адзначыў дзвюмя прэзентацыямі: ўласнага альбома "Африка" і  дэбютнай плыты "Mannequin" суаўтара многіх тэкстаў песень, а таксама музыкі гурта "Без Билета" Тані Кушнер.

Гурт "Нейра Дзюбель" адзначыў сваё 20-годдзе канцэртам "з размахам" у "Рэактары": з голымі "сіськамі", 1000-м натоўпам, які спяваў напамяць усе 50 песень, што прагучалі на канцэрце!
"ДетиДетей" выдалі ў Расіі складанку лепшых песень і былі заўважаныя аўтарытэтнымі расійскімі крытыкамі; адыгралі мноства тэматычных канцэртаў у Мінску і нават паставілі рэкорд адным з іх - ён цягнуўся 5 гадзін! Больш таго,  на сакавіцкай "Рок-Каранацыі" Аня Хітрык была абраная новай "рок-князёўнай"!

СНЕЖАНЬ:

"Ікона беларускага року" гурт N.R.M. адыграў вялікі калядны
акустычны канцэрт, які музыканты прымеркавалі
да 15-цігоддзя творчай дзейнасці.

Адной з самых запамінальных падзей беларускага музычнага года стаў канцэрт усясветнавядомай грузінскай спявачкі Ніно Катамадзэ і гурта "Insight". Адмыслова для канцэрту Ніно вучыла беларускую мову і дала эксклюзіўнае інтэрв'ю Еўрарадыё!

Святкаванне зімовага Сонцастаяння адбылося ў Мінску дзякуючы "Дзецям Сонца" і Яўгену Калмыкову: вялікі сямігадзінны фэст з "Крамбамбуляй", "Серебряной Свадьбой", "Drum Ekstasy", "Пару Рублей", "РСП", "ДетиДетей" і Карлам Хламкіным з "ОгнеОпасОркестром" у якасці хэдлайнераў!