Лекара-валанцёра з-пад Акрэсціна асудзілі на 4 гады за каментары пра сілавікоў

Лекара-валанцёра з-пад Акрэсціна асудзілі на 4 гады за каментары пра сілавікоў

Лекара-нарколага Аляксандра Цялегу за каментары ў сацсетках асудзілі на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. Такі прысуд вынесла суддзя Ленінскага раёна Гродна Ганна Леўсік.

Цялега — ураджэнец Барысава, апошнія гады працаваў у расійскім Нарыльску. Затрымалі яго 3 траўня, калі ён прыехаў у Барысаў да бацькоў. 

На судзе стала вядома, што мужчына пакінуў 32 каментары ў дачыненні да сілавікоў. Сярод іх — намеснік генпракурор Аляксей Стук, памочніца пракурора Аліна Касьянчык, камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба ды іншыя.

Дзеянні доктара кваліфікавалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса — 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 391 (абраза суддзі). 

На судзе Цялега расказаў, што адзін з пацярпелых па справе збіваў яго пры затрыманні на вачах у бацькоў:

"Па нейкай выпадковасці адзін з пацярпелых кіраваў фізічнай бокам пытання майго затрымання. Не саромеючыся таго, што ў кватэры знаходзіліся мае бацькі, збіваў мяне ў той час, калі я знаходзіўся лежачы на падлозе і мае рукі былі ў кайданках. Адзіным, калі гэта можна так назваць, выратаваннем было з'яўленне супрацоўнікаў упраўлення ўласнай бяспекі, перад якім ён станавіўся законапаслухмяным і строга выконваў рэгламент прымянення фізічнай сілы. Калі супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі часова выдаляліся, ён зноў карыстаўся момантам, каб зноў адыграцца за свае так званыя маральныя пакуты. 

Нават калі я папрасіў адвесці мяне ў прыбіральню ў Барысаўскім РАУС, і тады ён не ўпусціў магчымасці скарыстацца адсутнасцю відэакамер і ззаду цішком ударыў мяне нагой у спіну. Вядома ж, усё гэта кажа пра багаты ўнутраны свет і тонкую душэўную арганізацыю гэтага супрацоўніка".

Свае каментары ён патлумачыў тым, што як медык валанцёрыў пад Акрэсціна падчас жнівеньскіх пратэстаў 2020 года і яго перапаўнялі эмоцыі ад пабачанага там.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі