Легендарны гандбаліст зноў выйшаў на пляцоўку

Алімпійскі чэмпіён па гандболе 1992 году Андрэй Барбашынскі вярнуўся ў вялікі спорт. У свой час каманда СКА “Мінск”, у якую ўваходзіў Андрэй, прымусіла панервавацца не адну гандбольную пляцоўку свету. Андрэй сышоў з гандболу 5 гадоў таму. На пытанне, чаму ва ўзросце 37 год ён усё ж такі вырашыў вярнуцца, сам спартовец адказвае, што гэта трэба яшчэ ўмудрыцца:

“Мне спадабалася адна ідэя. Я паверыў у гэтую ідэю. Аб’яднаць усіх і ўзняць беларускі гандбол на алімпійскі ўзровень. Сёння я выйшаў і трэніруюся нароўні з усімі. Цяжка, кожнае пачынанне складанае. Ведаеце, калі чалавек заняты якой-небудзь іншай справай, якое яму падабаецца...

Раней стаў падымацца, пазней класціся. Сёння я вярнуўся ў сваю сям’ю. Спорт – гэта таксама мая сям’я. Выйсці ў 37 год і паспрабаваць атрымаць тое, што атрымліваюць маладыя хлопцы: нагрузкі і ўвесь гэты стрэс, эмацыйны пад’ём, – трэба яшчэ ўмудрыцца”.

Сёння Андрэй трэніруецца ў зборнай Беларускага дзяржаўнага універсітэта фізічнай культуры. Пра сённяшні спартыўны стан гандбаліста распавядае яго трэнер Аляксандр Жыркевіч:

“Зараз, я думаю, яшчэ рана нешта казаць. Андрэй падрыхтаваны прыкладна адсоткаў на 40. Праз месяц будзе нашмат лепш. Шанцы вялікія ёсць. Ён толькі адной сваёй прысутнасцю ўжо заводзіць”.

На пытанне, ці магчыма Андрэю трапіць у зборную Беларусі, Аляксандр Жыркевіч адказаў:

“Ну, а чаму немагчыма? Калі ў нас Крывавец, які на тры з паловай гады маладзейшы за Барбашынскага, стаў чэмпіёнам свету, гуляючы за каманду Нямеччыны.

Тым больш, што Андрэй ужо гадоў 15 наогул спіртнога не ўжывае: ні піва, нічога. Тут стаіць канкрэтная задача – прайсці Швейцарыю. Трапіць у чэмпіянат свету ў асноўную сетку”.

Да ўчынку свайго мужа жонка спартоўца, Ірына, ставіцца вельмі пазітыўна. Нават не гледзячы на тое, што часу, які яна можа бываць з мужам, стала значна менш.

Сёння Андрэй з’яўляецца адным з заснавальнікаў сумеснага прадпрыемства “Good night”, якое займаецца вытворчасцю артапедычных матрацаў і ложкаў. Распавядае Ірына Барбашынская:

“Ён стаў менш часу бываць дома. Мала таго, што ён працуе поўны працоўны дзень, зараз ён яшчэ ходзіць на трэніроўкі і збіраецца ездзіць на гульні. Для яго гэта вяртанне ў былую славу. Гэта тое, чым ён жыў вельмі доўгі час.

Мала таго, што гэта станоўча для яго цела, для яго арганізма: ён пахудзеў, памаладзеў, пасвяжэў, плюс у яго яшчэ баявы настрой з’явіўся”.

Але Ірына не можа не хвалявацца. У свой час менавіта з-за траўмаў Андрэй вымушаны быў пакінуць вялікі спорт.

Ірына Барбашынская: “Так, наконт гэтага я вельмі турбуюся. Як бы там ні было, ён завязаў са спортам, таму што былі праблемы са здароўем, з суставамі і з усім… Канечне, я непакоюся. Мы знайшлі аднаго цудоўнага чалавека, які яму вельмі дапамог на працягу гэтых пяці год.

У прынцыпе, Андрэй зараз у неблагой форме. Але ўсё роўна, пасля ўсіх надрываў, парываў, пераломаў… Канешне, я баюся за яго. Я і баялася, калі яму было 25 год, а зараз тым больш!”

Па словах сённяшніх паплечнікаў па камандзе, працаваць з Андрэем вельмі проста. Маладыя спартоўцы прыслухоўваюцца да парадаў мэтра і вельмі ганарацца магчымасцю трэніравацца на адной пляцоўцы. Распавядае гандбаліст Дзяніс Ляйко:

“Вялікае задавальненне з ім трэніравацца. Добры прыклад для ўсіх. Тое, што чалавек прыйшоў у яго ўзросце, пасля яго шматлікіх траўмаў і гуляе нароўні з намі, нават лепш за нас, заўсёды падтрымлівае калектыў, усім маральна дапамагае. Мне вельмі прыемна з ім трэніравацца, таксама як і ўсім”.

Дарэчы спартовец Андрэй Барбашынскі быў кумірам Дзяніса: ён памятае, як у дзяцінстве нават браў аўтограф у Андрэя. У той час хлопчык яшчэ не займаўся гандболам і, можа, менавіта Андрэй стаў тым штуршком, які звязаў яго лёс з гандболам.

Фота — www.mk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі