Вы тут

Лазавік: Выкананне пэўных рэкамендацый АБСЕ па выбарах патрабуе рэферэндума

Аляксандр Лукашэнка даручае старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай стварыць экспертную групу па вывучэнні выбарчых рэкамендацый АБСЕ. У фінальнай справаздачы пра нашы прэзідэнцкія выбары — 30 рэкамендацый па набліжэнні да дэмакратычных стандартаў. “Якія з рэкамендацый – прынцыповыя?” – спытала Еўрарадыё ў прэс-сакратара БДІПЧ АБСЕ Томаса Раймера.

“Усе нашыя рэкамендацыі даюцца для таго, каб выбарчы працэс стаў больш празрысты. Беларусь, як і ўсе краіны-ўдзельніцы АБСЕ, абавязалася прытрымлівацца ўсіх нашых рэкамендацый”.

На пытанне, ці паспеем змяніць правілы гульні да парламенцкіх выбараў, што будуць у верасні 2016 года, прадстаўнік БДІПЧ АБСЕ нечакана адказвае, што спяшацца не трэба. Інакш змены могуць выклікаць праблемы: “У агульнай практыцы звычайна лепш не змяняць галоўныя “правілы гульні” занадта блізка да выбараў. Лепш змяняць недзе за год да выбараў”.

Эксперт па выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер таксама кажа, што для АБСЕ прынцыповае выкананне ўсіх рэкамендацый. Цягам апошніх 15 гадоў гэтая арганізацыя дае іх Беларусі амаль адны і тыя ж. У суме такіх рэкамендацый набралася ўжо каля 100.

Але, лічыць эксперт, выкананне хаця б некалькіх дазволіць наблізіць працэс да міжнародных стандартаў.

“Па-першае, увядзенне ва ўсе выбарчыя камісія прадстаўнікоў ад усіх палітычных сіл на парытэтнай (ці плюрыстычнай) аснове. Даць правы назіральнікам, каб яны маглі цалкам бачыць кожны бюлютэнь. Гэта нават не патрабуе зменаў у заканадаўстве”, — кажа Альфер.

А калі дадаць яшчэ і празрыстую перадачу бюлетэняў з адных камісій у тыя, якія стаяць вышэй, — дык толькі адных гэтых зменаў хопіць, каб выбары сталі больш празрыстымі і адпавядалі міжнародным прававым нормам.

На думку эксперта, калі выбарчае заканадаўства змяняць за год да выбараў, будзе зусім кароткі перыяд, калі гэтыя змены магчымыя.

“Звычайна ў пяцігодку выбараў няма толькі 2 гады. Атрымліваецца, што ва ўсе астатнія тры гады заканадаўства змяняць нельга. Дык такім чынам можна пакінуць яго нязменным. Калі кіравацца падобнай думкай”, — кажа Альфер.

На думку сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, любая рэкамендацыя АБСЕ можа быць выкананая. Толькі “ёсць пытанне мэтазгоднасці, ці часу”. Напрыклад, адмяніць палажэнне аб тым, што кандыдат у прэзідэнты апошнія 10 год мусіць жыць на тэрыторыі Беларусі, можна толькі на рэферэндуме, бо такая норма закладзена ў Канстытуцыі.

А вось забяспечыць доступ назіральнікаў да бюлетэняў — лягчэй. Тым часам 16 лютага адбудзецца першае пасяджэнне межведамасной экспертнай групы. Пакуль без прадстаўнікоў БДІПЧ АБСЕ.