Лазавік: Службовыя аўто — гэта каб чыноўнік больш часу праводзіў на працы

“Калі ваш дырэктар ездзіць ад дома да працы на службовым аўтамабілі — гэта выкарыстанне службовага становішча!” — пагрозліва кажуць мне ў транспартнай інспекцыі Мінтранса.

Еўрарадыё: А калі старшыня райвыканкама ездзіць ад дома да працы на службовым аўтамабілі?

“А калі старшыня, дык гэта службовая паездка. Кіроўца забірае аўтамабіль на стаянцы, потым едзе за старшынёй” — нервуюцца транспартнікі.

Атрымліваюцца нейкія двайныя стандарты: калі абл- ці райвыканкам — гэта службовая паездка, а калі дырэктар прадпрыемства — гэта ўжо парушэнне.

“Вельмі тонкая мяжа ў выкарыстанні службовых аўтамабіляў”, — прызнаецца пінскі міжраённы пракурор Руслан Краўчук і тлумачыць, дзе гэтая мяжа праходзіць.

“Калі начальнік ЖКГ едзе на працу — ён ужо займаецца працай, глядзіць, каб усё было дагледжана!”

Еўрарадыё: А калі старшыня райвыканкама едзе на працу, што ён глядзіць?..

“А начальнік райвыканкама едзе на працу і кантралюе ўжо начальніка ЖКГ! Мо дзе ўжо трэба выклікаць да сябе і накруціць хвасты!” — сам пракурор на працу едзе на асабістым аўтамабілі. Як даведалася

Еўрарадыё, некалькі гадоў назад гэты дзяржслужачы звольніў кіраўніка аднаго з СВК за тое, што той ездзіў на працу на службовым аўтамабілі за 50 кіламетраў ад дому.

Еўрарадыё дазванілася ў гэтае СВК. І тут той выпадак прыгадваюць.

“Гэта мо сем гадоў назад было! З таго моманту ўжо некалькі кіраўнікоў змянілася!” — успамінаюць у Столінскім раёне. Але на пытанне, як яны выкарыстоўваюць аўтамабіль зараз, пэўнага адказу не даюць.

“Па раёне, па гаспадарцы… Ну і да дому бывае”, — няўпэўнена кажуць у прыёмнай.

Няма канкрэтнага адказу нават у пастанове Саўміна аб выкарыстанні службовых аўтамабіляў. Тут прапісаны толькі кіламетраж, ліміт службовых аўтамабіляў, а вось час не ўказаны.

У аддзеле адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама, у якім аб’явілі тэндар на службовае аўто, дакладна разумеюць мэту службовага аўтамабіля:

“Па раёне, па школах. Бывае, у ліміт не ўпісваемся, асабліва калі камандзіроўкі ў абласны цэнтр”.

А вось сакратар Цэнтравыбаркама Мікалай Лазавік прыводзіць прыклад рацыянальнага выкарыстання службовай машыны.

У нас з Лідзіяй Міхайлаўнай існуе дамова — ад дома мы едзем на адным аўтамабілі, а вось пасля абеду — на розных. Мы дамовіліся, каб меней расходаваць паліва, каб меней была нагрузка на вадзіцеля. Службовы аўтамабіль існуе для таго, каб чыноўнік болей праводзіў часу на працы. Грамадскі транспарт не выкарыстоўваю, хоць у мяне заўсёды ёсць некалькі талончыкаў на грамадскі транспарт”.

Еўрарадыё адшукала дзяржслужачага, які сам адмовіўся ад службовага аўто! Дырэктар баранавіцкай фабрыкі “Бараўчанка” Наталля Дудзік, як піша мясцовая газета Intex-press, амаль не выкарыстоўвае службовы Citroёn.

“Ходзіць пешкі, а на працу дабіраецца на грамадскім транспарце. Канечне, калі камандзіроўка ў Брэст ці Мінск і ёй трэба дабрацца хутка. Але калі, да прыкладу, вадзіцель заняты, дык яна можа і электрычкай паехаць у Брэст. А што тут такога?”, — кажуць службоўцы на фабрыцы “Бараўчанка”. З павагай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі