Лаўроў: спадзяемся на хуткае вырашэнне сітуацыі з затрыманымі ў Мінску расіянамі

Лаўроў: спадзяемся на хуткае вырашэнне сітуацыі з затрыманымі ў Мінску расіянамі

У Маскве спадзяюцца, што сітуацыя з затрыманымі ў Беларусі расіянамі хутка вырашыцца. Пра гэта 18 чэрвеня заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. У пятніцу ён правёў перамовы з кіраўніком беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімірам Макеем. І атрымаў ад яго неабходную інфармацыю.

"Уладзімір Уладзіміравіч Макей праінфармаваў аб сітуацыі з затрыманымі ў Беларусі расійскімі грамадзянамі, — гаварыў Лаўроў. — Маю на ўвазе Сафію Сапегу, Ягора Дуднікава. Пасольства Расіі ў Мінску трымае гэтае пытанне на асаблівым кантролі".

Сафія Сапега разам з Раманам Пратасевічам была затрымана 23 траўня пасля пасадкі ў Мінску пасажырскага самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Беларускімі праваабаронцамі расіянка прызнаная палітзняволенай. Яе абвінавачваюць у "распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці". Таксама ёсць звесткі, што дзяўчыну падазраюць паводле артыкула "арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Сапега знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Ягор Дуднікаў быў затрыманы ў Мінску 4 траўня па падазрэнні ў "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Нібыта ён агучваў відэаролікі "для беларускай апазіцыі". Дуднікаў таксама прызнаны палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі