Латушка заклікаў Венгрыю адмяніць выхад з МКС пасля парламенцкіх выбараў

Павел Латушка

Павел Латушка / Еўрарадыё

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка заклікаў Венгрыю перагледзець рашэнне пра выхад з Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) пасля парламенцкіх выбараў у краіне.

Латушка павіншаваў Петэра Мадзьяра з перамогай. Таксама ён заявіў, што абноўлены праеўрапейскі мандат дае магчымасць перагледзець шэраг знешнепалітычных рашэнняў. Кіраўнік НАУ звярнуў увагу, што Венская канвенцыя аб праве міжнародных дагавораў дазваляе дзяржавам адклікаць ранейшае рашэнне пра выхад з пагадненняў. Гэта можна зрабіць да таго моманту, пакуль рашэнне не набыло сілу.

"Ахвяры з Беларусі спадзяюцца, што Венгрыя захавае прыхільнасць міжнароднаму правасуддзю, дзе асобы, адказныя за цяжкія злачынствы, такія як Лукашэнка, паўстануць перад судом у Гаазе", — напісаў Латушка ў сацсетцы X.

Пра выхад з МКС Венгрыя заявіла ў красавіку 2025 года. Гэта адбылося ў сувязі з візітам у краіну ізраільскага прэмера Біньяміна Нетаньяху, на якога выдадзены ордар МКС.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.