Лапці — гэта вобраз мыслення: карыстальнікі телеграма сцябуць словы Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка на прыёме ў гонар старога Новага года / БЕЛТА
Аляксандр Лукашэнка на прыёме ў гонар старога Новага года / БЕЛТА

Увечары 16-га студзеня Аляксандр Лукашэнка правёў прыём у гонар старога Новага года. На вечарыне ён шмат казаў пра тое, што ў 2020-м годзе ў Беларусі была развязана вайна "супраць моцнай дзяржавы", што сам ён "ніколі не адступіць", паколькі — нарадзіўся, жыў і будзе жыць тут, і што госці гэтага вечара "паказалі, што значыць быць сапраўдным патрыётам". А яшчэ — што трэба глядзець тэлевізар!

— Тэлевізар — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення, — пераконваў публіку Лукашэнка. — Так, сёння многія дасталі і пачалі тыкаць у гэты айфон, тэлефон і гэтак далей, розных марак. Але як толькі вы зайшлі ў сталовую, вы націснулі кнопку — глядзіце на экран. Некуды прыйшлі ў госці — абавязкова там працуе тэлевізар. Гэта трэба зберагчы.

На гэты спіч тут жа адрэагавалі сацсеткі:

— Не адмаўляйцеся ад гэтай класікі. Лапці — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення. Так, сёння многія дасталі і пачалі хадзіць у гэтых ботах, і туфлях, розных марак. Але як толькі вы выходзіце ў горад, вы адразу апранаеце лапці. Некуды прыйшлі ў госці — абавязкова там стаяць лапці. Гэта трэба зберагчы, пішуць у чаце "Ідэйнага падкасту".

— Не адмаўляйцеся ад Лукашэнкі. Лукашэнка — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення. Так, сёння многія дасталі і пачалі тыкаць у Ціханоўскую, Латушку і гэтак далей, розных гэтых змагароў. Але як толькі вы зайшлі ў сталовую, вы націснулі кнопку, глядзіце на Лукашэнку. Некуды прыйшлі ў госці — абавязкова там працуе ён. Гэта трэба зберагчы, — спаборнічаюць у вострым слове карыстальнікі ТГ-канала.

— Не адмаўляйцеся ад гэтай класікі. Жэстачайшая трасянка — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення. Так, сёння многія дасталі і пачалі тыкаць у гэтыя падручнікі Рускай фанетыкі, мову і гэтак далей, розных народаў. Але як толькі вы зайшлі ў сталовую, вас абслужылі трасянкай, слухаеце яе. Некуды прыйшлі ў госці — абавязкова там ёсць трасянка. Гэта трэба зберагчы, — падхоплівае яшчэ удзельнік чата.

— Не адмаўляйцеся ад гэтай класікі. Жыццё ў акіяне — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення. Так, сёння многія адгадавалі канечнасці і выпаўзлі на сушу, пляжы і гэтак далей, розных кантынентаў. Але як толькі вы заплылі на дно, вы карыстаецеся плаўнікамі, жабрамі. Кудысьці заплылі ў госці абавязкова там ёсць амфібіі. Гэта трэба зберагчы.

— Не адмаўляйцеся ад гэтай класікі. Мука на тры дні — гэта лад жыцця, гэта вобраз мыслення. Так, сёння многія дасталі і пачалі тыкаць у гэтыя хлябы, булкі і гэтак далей, розных пякарняў. Але як толькі вы зайшлі ў сталовую, вы разгарнулі муку на тры дні, глядзіце на яе. Некуды прыйшлі ў госці — абавязкова там ёсць мука на тры дні. Гэта трэба зберагчы, — не супакойваюцца карыстальнікі.

Акрамя чыноўнікаў і бізнесменаў, набліжаных да ўлады, на вечарыне прысутнічалі артысты, спартсмены і спартыўныя функцыянеры, і проста "неабыякавыя грамадзяне". Лукашэнка ўручаў запрошаным ордэны, медалі і граматы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі