Кватэрнік Цікі Шэльен (Башня Rowan) у Мінску (фота)

У Мінску адбыўся кватэрнік лідэра расійскага гурта “Башня Rowan”. Імпрэза без перапынкаў доўжылася больш за 4 гадзіны і скончылася пасля 23.00, каб не перашкаджаць суседзям. Наведалі яе дзякуючы некалькім абвесткам у ЖЖ больш за 50 прыхільнікаў спявачкі. Кватэрнікаў у сталіцы апошнім часам адбываецца ўсё больш. За апошнія паўгода ў Мінску выступілі Ёвін, Вячаслаў «Эльфище» Іванцоў, Алег Мядзведзеў, Вера «vero4ka» Палазкова і іншыя, гэта не ўлічваючы беларускіх музыкаў кшталту Сяргея Пукста і Атмараві.

Гэтым разам у кватэры ля Плошчы Перамогі з вялікай колькасцю старадаўніх інструментаў, добрых кніжак, цікавых прадметаў аздобы – кшталту колазварота, над тэлевізарам для ўсіх ахвотных грала Цікі Шэльен.


Трэк-ліст кватэрніка складаўся з папярэдніх замоваў слухачоў і карэктаваўся па ходу выступу. У спявачкі больш за 150 песень. Некаторыя з іх пісаліся да ролевых гульняў, таму ідуць цэлымі асэнсаванымі цыкламі, прывязанымі не толькі да гістарычных падзеяў і асобаў – яны прысвечаныя сябрам з Піцера (горад, у якім пачыналася "Башня Rowan") і іншых гарадоў.


Цікі не толькі спявачка, але і апавядальніца. Хаця яна і не давала падрабязных тлумачэнняў да ўласных і не толькі сваіх твораў (ёсць у рэпертуары перакладныя народныя ірландскія песні, творы Бертольда Брэхта, сучаснікаў), затое дзялілася показкамі з жыцця і з жартам рэагавала на каментары публікі.


Дарэчы, публіка была невыпадковай. Сярод яе – рэканструктары, музыкі Доходяги-бэнд и Кейлі Кол.


Некаторыя з іх адразу ўзяліся за ўсе магчымыя інструменты, якія трапіліся пад руку – блок-флейта, губны гармонік, варган, розныя перкусіі.

Цікі Шэльен рэагавала на гэта вельмі прыязна – ёй не хапала гурта, які робіць гітарную мелодыю больш вар’яцкай, музычнай і эксперыментальнай. Тым больш, што "Башня Rowan" толькі пачынаўся як фэнтэзі рок, а пасля ўсё больш пачаў схіляцца да джазу, ф’южну і арт-року.


Бліжэй да сярэдзіны канцэрту публіка абсалютна разняволілася, спявала разам і часам нават гучней за вакалістку "Башня Rowan". Нават мінакі пад вокнамі крычалі “Брава”.



Цікі выканала амаль усе замовы слухачоў і нават, калі час шумець у кватэры скончыўся, заспявала адну са сваіх “Калыханак”

Фота Venomous Butterfly

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі