Вы тут

"Крызісны момант прайшоў": Уладзімір Некляеў хварэе на каранавірус

Уладзімір Некляеў / Еўрарадыё

Пісьменнік і экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Некляеў хварэе на каранавірус. "У шпіталі лячуся, бо сказалі, што сам магу не справіцца", — расказаў палітык Еўрарадыё.

Некалькі дзён Некляеў называе "крызіснымі". У яго была вельмі моцная гарачка, палітык знаходзіўся пад кіслародам.

— Але гэты момант прайшоў, ужо такой небяспекі няма. Хварэю ўжо недзе 8-9 дзён. У шпіталі лячуся, бо сказалі, што сам магу не справіцца. Вось год таму яшчэ не ведалі, што з каранавірусам рабіць. У гэтым стане я мог бы і не выбрацца. Цяпер лекары нейкую методыку адпрацавалі. Ужо ўсё добра. У гэтую светлую пераможную вясну нікому пакідаць Беларусь нельга, — кажа ён.

Падчас хваробы пісьменнік апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook невялікі шпітальны запіс "Гульні Ковіду".

Запіс Уладзіміра Некляева / Facebook

— 3-4 дні прайшоў у моцным жары... Вірус валодае інтэлектам, з ім гульні кашмарныя. Але для творчага чалавека вельмі цікавыя. Рэзкая пераацэнка каштоўнасцей адбылася, псіхалагічна непростыя рэчы. Прайсці іх цяжка, але цяпер можа для мяне і карысна. Істотна мяняе падыходы для жыцця, — дадае Некляеў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.