Крытык Алег Клімаў паабяцаў публічна з'есці ўсе свае рэцэнзіі на J:Морс
Калі новы альбом гурта будзе такім жа, як і першы сінгл.
Днямі гурт "J:Морс" выклаў у Інтэрэнт песню "Мамонов" з новага альбома. Гэта кампазіцыя выклікала шмат размоў у калямузычнай тусоўцы. Да прыкладу, былы рэдактар "Музычнай газеты" Алег Клімаў,
які ўвесь час выказваўся крайне негатыўна пра творчасць гурта, пасля
праслухоўвання песні, раптоўна змяніў свой пункт гледжання.
Алег Клімаў: "Спадабалася
мне па гучанні. Гэта сапраўдны яскравы, моцны, прамы рок-н-рольны
драйв. Па тэксце, мне падаецца, гэта адзін з лепшых за ўсю гісторыю
"J:Морс". Адзінае, што мне не спадабалася і з-за чаго морсы заўсёды
пакутавалі – гэта калі вельмі бравы куплет, чакаеш, што і прыпеў
падхопіць яго. Але не, не здарылася і гэтым разам. Але агулам, калі
такім будзе і цэлы альбом, то я з задавальненнем з'ем усе свае
папярэднія рэцэнзіі, напісаныя на гэты ансамбль, прычым пры людзях".
Музычны крытык Таццяна Заміроўская адзначае, што ў "морсаў" даўно назіраецца творчы крызіс, і гэта песня можа стаць другім дыханнем гурта:
Таццяна Заміроўская:
"Нягледзячы, што вельмі класная агульная мелодыка, прыпеў атрымаўся
меладычна дурнавасценькім, бо там хочацца якіх-небудзь больш актыўных
пераходаў, скачкоў якіх-небудзь. Я ўжо даўно зразумела, што ў "J:Морс"
творчы крызіс, бо вельмі аднастайнымі становяцца аранжыроўкі. Па гэтай
песні мне падалося, што яны жадаюць сваё другое дыханне, якое абавязкова
мусіла ў іх адкрыцца, накіраваць туды, куды і гурт "Би-2" альбомам
"Молоко", трохі змяніўшы стыль".
Цікава, што музычны журналіст "СБ - Беларусь Сегодня" Валік Пепеляеў, разважаючы пра новую песню "J:Морс", таксама прыгадаў "Би-2":
Валік Пепеляў: "З
аднаго боку, зразумела, прыемна, што Ўладзімір Пугач спрабуе знайсці
нейкія новыя гарманічныя і меладычныя хады, але мне падаецца, што кожны
чалавек, які арыентуецца ў сучаснай музыцы, не можа не заўважыць, што
песня неяк падазрона нагадвае хіт "Дурочка" гурта "Би-2". Урэшце, можа і
не трэба чапляцца, бо калі такія песні як "Дурочка" здольныя натхняць
нашых музыкаў на новыя хіты, можа ўсё не так і дрэнна".
І толькі прадзюсар гурта "Ляпіс Трубяцкой" Яўген Калмыкоў не заўважыў у новай песні "J:Морс" ні плагіяту, ні хібаў у аранжыроўцы. Праўда, ён шчыра здзівіўся тэксту кампазіцыі.
Яўген Калмыкоў: "Артыст
- гэта вобраз. Ёсць пэўны вобраз лідара гурта "J:Морс", і з яго вуснаў
чуць пра Мамонава, для мяне вельмі дзіўна. Увогуле, з яго вуснаў больш
лагічна чуць песні пра якое-небудзь неўзаемнае каханне, ці пра спелыя
пачуцці... Тым не менш, я парадаваўся і песня мяне парадавала з усіх
бакоў".
А вось вядомы кампазітар Макс Алейнікаў ацаніў песню адразу з двух бакоў і ацэнка атрымалася супрацьлеглай.
Макс Алейнікаў: "З
пункту гледжання кампазітара, гэтая песня не лепшая ў Пугача. А з
пункту гледжання прадзюсера і чалавека, які ўмее рабіць аранжыроўкі,
гэтая песня мне хутчэй падабаецца. Я і сам зараз раблю нешта падобнае."
Дадамо, што спампаваць і паслухаць песню "Мамонов" гурта "J:Морс" можна на афіцыйным сайце калектыву ці па гэтай спасылцы. І нагадаем, што паводле слоў лідара гурта Ўладзіміра Пугача новы альбом, назва якога пакуль трымаецца ў сакрэце, павінен з'явіцца яшчэ да канца восені.
Фота: Tarantino