“Крумкачы” звярнуліся да заўзятараў: нам прысудзілі вышэйшую меру

“Крумкачы” звярнуліся да заўзятараў: нам прысудзілі вышэйшую меру

Футбольны клуб “Крумкачы” звярнуўся да сваіх заўзятараў і патлумачыў, з якой прычыны каманда здымаецца з розыгрышу Кубка Беларусі па футболе. Матч ¼ фіналу супраць гродзенскага “Нёмана” будзе адменены.

Клуб таксама тлумачыць, з якой прычыны ён вымушаны пакінуць вышэйшую лігу. “Як вядома, футбольнаму клубу “Крумкачы" адмоўлена ў прыёме заяўкі на праходжанне ліцэнзавання. Апеляцыя таксама не прынесла выніку. Па вялікім рахунку, нашаму клубу вынесены смяротны прысуд”, — сказана ў звароце, тэкст якога апублікаваны на афіцыйным сайце “Крумкачоў”.

У звароце таксама сказана, што клуб “адхілены ад працэдуры ліцэнзавання не з фінансавых прычынаў і нават не праз адсутнасць дакументаў”. Праблема ў парушэнні тэрмінаў падачы дакументаў. Кіраўніцтва “Крумкачоў” мяркуе, што гэта занадта жорсткая санкцыя і супярэчыць і прававым, і маральным, і спартовым нормам.

“Яшчэ адзін нюанс, які абмяркоўваецца, — пастаянныя параўнанні “Крумкачоў” і ФК “Тарпеда” і нібыта выбары паміж гэтымі клубамі. І з прававога, і са спартовага пункту гледжання ніякага выбару паміж клубамі не можа быць. Месца ў вышэйшай лізе належыць нам. Мы яго потам і крывёй зарабілі, і паколькі мы ад яго не адмаўляемся, іншых прэтэндэнтаў на гэтае месца быць не можа”, — заяўляе клуб.

У звароце таксама адзначаецца, што на сёння ў каманды гатовыя ўсе дакументы, а новы заснавальнік падчас асабістай сустрэчы са старшынёй Беларускай федэрацыі футболу даў гарантыі, што ўсе пазыкі сплоцяць цягам тыдня, калі “Крумкачы” вернуцца ў працэс ліцэнзавання.

Таксама аўтары звароту акцэнтуюць увагу на тым, што праблемы ў клуба пачаліся акурат тады, калі да яго прыйшоў інвестар і з’явілася надзея на выпраўленне сітуацыі. І хоць “Крумкачы” мелі шанец разлічыцца па сваіх пазыках да 12 сакавіка — да пасяджэння камітэта па ліцэнзаванні, АБФФ адразу ж адхіліў заяўку клуба.

“Мы рабілі адзін крок насустрач, федэрацыя ад нас уцякала на два. Разам з прыніжэннямі нашага клуба ў выглядзе нявыдачы мячоў, тэрмінам “16-я каманда” на лёсаванні, нейкім незразумелым, раздзіманым афіцыйным сайтам АБФФ, чорным пакеце — з нашага боку ўсё гэта выглядае як комплекс мерапрыемстваў на знішчэнні клуба”, — адзначаецца ў звароце.

Праз гэтыя праблемы “Крумкачы” абвяшчаюць пра адмену матчу ¼ фіналу Кубка Беларусі супраць “Нёмана”, які павінен быў прайсці ў гэтую нядзелю.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі