Крэдытны рэйтынг каштаваў Беларусі некалькі мільёнаў долараў

На мінулым тыдні Беларусь атрымала першы ў гісторыі крэдытны рэйтынг. Адзнаку “В+” выставіла нашай краіне кампанія “Standard & Poor’s”. Цяпер эканамісты разам з простым народам пачалі меркаваць, што ж гэтая літара можа азначаць. Пакуль усе сышліся на тым, што рэйтынг “В+” – ніжэй за рэйтынг прэзідэнта, але вышэй за апазіцыйны.
Крэдытны рэйтынг – гэта не медаль

Эканаміст Леанід Заіка адзначае што крэдытны рэйтынг – гэта не медаль, і паколькі ў Беларусі няма ні фінансавага рынку, ні рынку каштоўных папер, а ўсе фінансавыя патокі даволі простыя і рэгулююцца зверху, можна сказаць, што Беларусь “узнялася” на гэтае месца дзякуючы адміністрацыйнай эканоміцы:

“…паколькі фінансавага рынку няма, усе аперацыі вельмі простыя, іх колькасць неістотная, то гэта вельмі просты ўстойлівы рынак…

У Савецкім Саюзе таксама не было фінансавых крызісаў. Фінансава-эканамічная сістэма, якую стварыў Сталін, была вельмі стабільная, там не было дэфолтаў, там не здымалі прэм’ер-міністраў, не пралівалі слёзаў наконт згубленых грошаq і г.д. Таму сталінскай сістэме ўвогуле можна было даць усе “ААА”.

Насельніцтва Беларусі ніяк не адчуе крэдытны рэйтынг


Еўрарадыё паспрабавала даведацца, як адаб’ецца атрыманне стабільнага рэйтынгу на насельніцтве нашай краіны.

Цяпер у Беларусі каля 10 млрд долараў уласных інвестыцыйных патокаў. Замежных інвестыцый сярод гэтай сумы ўсяго 0,6-0,7%. У найлепшыя гады гэтая лічба магла дасягаць 5%. Што такое 5% ад агульнага аб’ёму інвестыцый? Леанід Заіка кажа, што такая лічба абсалютна не заўважна і не мае ніякага значэння для эканомікі, затое дапаможа ўладам пачувацца лепей:

“Ён дае магчымасць прэзідэнту, прэм’ер-міністру, міністру фінансаў і кіраўніку Нацбанку адчуваць сябе лепей. Беларусь была крыху непаўнацэннай краінай, таму што не было крэдытнага рэйтынгу, і ад гэтага кіраўнікі пачуваліся няўтульна. Варта заплаціць некалькі мільёнаў долараў – і можа з’явіцца такі рэйтынг.

Цяпер што будзе? Нічога. Некаторыя прыватныя банкі атрымаюць крэдыты па менш высокіх стаўках, але прынцыпова сітуацыя не зменіцца”.

Сярод краінаў СНД міжнародны рэйтынг таксама атрымалі Грузія (В+, прагноз стабільны) – такі ж, як у Беларусі; Расія (ВВВ+, прагноз стабільны) – вышэйшы за беларускі; Казахстан (ВВВ, прагноз стабільны) – таксама вышэйшы за наш, і Украіна (ВВ-, прагноз негатыўны), нягледзячы на негатыўны прагноз на гэты момант рэйтынг Украіны вышэйшы за беларускі.

Фота — telegraf.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі