Крамы: Сярэдні чэк на навагоднія прадукты пачынаецца ад 500 тысяч рублёў

“Апошнім часам вельмі садавіну і гародніну набываюць. Вельмі адсочваем кошты, бо знаходзімся побач з Камароўскім рынкам і ў нас танней, чым на кірмашы”, — кажуць у краме “Суседзі”, што ля мінскага рынка Камароўка. Тут сёння працуюць да апошняга пакупніка.

Навагодні стол не абыходзіцца без мандарынаў. Кіло мандарынаў у мінулым годзе каштавала 18 тысяч рублёў. У гэтым годзе за тыдзень да Новага года кошт кілаграма салодкай і сакавітай аранжавай садавіны ў “Еўраопце” ля майго дома дарос да 19.900 за кіло.

“А новы год для нас, прадаўцоў, заўтра будзе. Пакуль працуем”, — кажуць у краме. Распавядаюць, што сярэдні чэк на навагоднія прадукты ў краме — каля 400-500 тысяч рублёў — людзі набываюць звычайныя прадукты, без экзотыкі.

Для стала спатрэбяцца шампанскае і гарэлка. Год таму бутэлька шампанскага і пляшка гарэлкі каштавалі ў сярэднім 30 тысяч і 45 тысяч адпаведна, цяпер бутэльку “Савецкага” можна знайсці на акцыі за 39 тысяч рублёў. У гандлёвым цэнтры “Карона” бутэлька шампанскага каштуе даражэй — каля 45-52 тысяч рублёў. Сярэдні кошт на гарэлку сёлета складае 70 тысяч, самая ж танная каштуе 56 тысяч за бутэльку.

Торт на навагодні стол каштуе ў раёне 80 тысяч рублёў, год таму пачастунак абыходзіўся на 10-15 тысяч рублёў танней.

200-грамовы кавалачак чырвонай рыбы на бутэрброды падаражэў на 20 тысяч рублёў, у мінулым годзе кошт быў роўны 40 тысячам.

Невялікі тазік салата “Аліўе” абыдзецца беларусам ў 55-60000 рублёў. У мінулым годзе на яго ішло каля 40 000 рублёў.

Ніводзін навагодні стол не абыходзіцца без катлетак. За год адна катлетка падаражэла на 2 тысячы рублёў. Раней катлета ў 100 грамаў абыходзілася беларусам у 4 тысячы.

На гарачае ў беларусаў звычайна бульба ці бульбяное пюрэ. Кілаграм бульбы ў снежні мінулага года каштаваў каля 4,5 тысяч рублёў, а цяпер — на тысячу даражэй.

Сыр на Навагодні стол таксама падаражэў: год таму кавалак ў 150 грамаў абыходзіўся ў 15 тысяч рублёў, а цяпер — мінімум 20 тысяч рублёў.

Але найбольш на Навагоднім стале падаражэла мяса. Да прыкладу, свініна без косці, згодна з афіцыйнымі коштамі, падаражэла адразу на 58% — каштавала ў снежні 2013 каля 60 тысяч за кілаграм, а цяпер — 100 тысяч.

Каўбаса сыравэнджаная першага гатунку ў гэтым годзе каштуе каля 170 тысяч, у мінулым годзе каўбасная нарэзка абыходзілася на 50 тысяч танней.

Прадавец крамы "Прастор", што на вуліцы Каменнагорскай у Мінску распавядае, што сама ўжо закупілася на паўмільёна, але трэба яшчэ.

"Сярэдні чэк у нас пачынаецца ад 500 тысяч рублёў і вышэй. У асноўным чэргі былі ўчора, але сёння таксама людзі пачынаюць прыходзіць".

У сярэднім, на навагодні стол у гэтым годзе людзі плануюць выдаткаваць каля мільёна, у мінулым годзе гэтая сума была роўная 600-800 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі