Крама “Усё для дома” ад зняволеных: Камуфляж за 400 тысяч, мэбля "Капучына"

“У нас з усіх калоній Беларусі: мэбля, дошкі, абшыўка, шафы, пісьмовыя сталы, канапы. Ёсць таксама каваная прадукцыя, з металу робяць капцілкі, мангалы, рыдлёўкі, граблі”, — расказвае Еўрарадыё загадчыца крамы “Усё для дома” Алена Ярашэвіч.


Апоўдні пакупнікоў тут няшмат. Звычайна прыходзяць пад вечар, калі заканчваецца праца ў навакольніх офісах.


“У дзень бывае па 10, па 12 мільёнаў. А калі па безнале вялікія пакупкі, можа быць і па 40 мільёнаў”, — падлічвае загадчыца крамы.


Асабліва шмат у летні сезон: вёдры ды рыдлёўкі для лецішча.


Кошты невысокія: стол можна набыць за 300 тысяч рублёў, але ёсць і за паўмільёна.

Самае дарагое, што знаходзім — камплект мяккай мэблі "Капучына" за 8 мільёнаў.


Наведвальнікі ведаюць і адкуль тавары, ведаюць, што тут танней, чым нават у камісіённай краме: падатак на дадатковую вартасць плюс накрутка — 10%.


“Людзі ведаюць, што ў нас крама ад Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Нядаўна вось чалавек набраў на 7 мільёнаў, узяў дзверы і дзве палутарныя канапы для ўнукаў”, — прыгадвае загадчыца крамы.


Тут жа можна набыць камуфляжны касцюм, пацягне на 400 тысяч. Ёсць нават міліцэйская форма за паўмільёна! Праўда, любому яе не прададуць. Шыюць форму ў шклоўскай і гомельскай жаночай калоніях.


Еўрарадыё заглянула ў бюджэт-2014 і даведалася, што толькі вытрымкі з заробка асуджаных асобаў, і асобаў вызваленых ад крымінальнай адказнасці складуць 23 мільярды рублёў.

камуфляж

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі