Контрнаступ Украіны ў беларускім кантэксце: калі з'явяцца заявы ад Сахашчыка?

Контрнаступ Украіны ў беларускім кантэксце: калі з'явяцца заявы ад Сахашчыка?

Украіна імкліва і паспяхова адбівае свае тэрыторыі пасля шматмесячнай барацьбы ў абароне. На думку палітолага Паўла Усава, апазіцыйны Пераходны кабінет на фоне контрнаступу УСУ мог бы быць больш актыўным. Можна было б, напрыклад, пачаць шукаць пачатак палітычнага дыялогу з кіраўніцтвам Украіны і рабіць сур’ёзныя заявы.

— Калі Кабінет і мы, як дэмакратычная супольнасць, бачым у перамозе Украіны і ва ўкраінскіх войсках нашага саюзніка і механізм для палітычных зменаў у Беларусі, то, адпаведна, мы павінны накіроўваць усю ўвагу на тое, што адбываецца ва Украіне,  падтрымліваць Украіну, — расказвае Павел Усаў у эфіры Еўрарадыё. — Нягледзячы на тое, што ўсцяж вельмі скептычныя адносіны да Кабінета і Ціханоўскай застаюцца, высылаць сігналы Украіне пра тое, што яны могуць абаперціся на нас. На структуры, ці на дэмакратычную супольнасць, ці на нацыянальныя групы, якія могуць з’явіцца ў перспектыве. У тым, што мы можам быць тым палітычным інструментам, які будзе ўплываць (і ўжо зараз павінен уплываць, ціснуць інфармацыйна і палітычна) на, умоўна, кіроўныя эліты Беларусі.

Што вось мы — дэмакратычная структураваная супольнасць, гатовая падтрымаць Украіну, — лічым, што такі сцэнар, ультыматум для Лукашэнкі адпаведны. Што ён неабходны, каб вымусіць расійскія войскі выйсці з тэрыторыі Беларусі. Што гэты ўльтыматум мы падтрымаем. Мы будзем прасіць і падтрымліваць ідэю Украіны адносна нанясення кропкавых удараў па [расійскай] вайсковай інфраструктуры на захадзе [Беларусі]. Што гэта неабходна не толькі ў інтарэсах Украіны, а і дзеля дэакупацыі Беларусі. Бо ў нас такіх магчымасцяў няма, у нас няма “Хаймарсаў”, у нас нічога няма. Гэта б паказала, што Кабінет насамрэч гатовы да такіх сур’ёзных радыкальных крокаў.

Чаму “радыкальную” заяву такога кшталту не можа агучыць той жа Валерый Сахашчык, “міністр абароны” ўрада ў выгнанні?

— Кіраўніком Кабінета з’яўляецца Святлана Ціханоўская. Якая, як мне падаецца, не жадае, каб такія заявы гучалі. Вось прычына, чаму мы, па сутнасці, на працягу больш чым аднаго месяца не маем ніякіх вынікаў, — кажа Павел Усаў. — Тая канцэпцыя, якая зараз выкарыстоўваецца ў дачыненні функцыянавання, фармавання Кабінета, які павінен быў быць аўтаномны, яна цалкам дэструктыўная. Яна знішчыць Кабінет, знішчыць саму канцэпцыю стварэння паралельных беларускіх апазіцыйных інстытутаў.

Яна прывядзе да чарговага крызісу. І праз месяц-два з такім падыходам мы апынёмся там, дзе, па сутнасці, мы апынуліся перад Канферэнцыяй [дэмсіл у Вільнюсе]. Калі ў прыярытэтах на сённяшні дзень стаяць не інтарэсы Беларусі, а інтарэсы пэўных палітычных груп. З такім падыходам мы зноў змарнуем час. Змарнуем сітуацыю, якая (якраз-такі на франтах Украіны) для Беларусі на сённяшні момант складваецца вельмі пазітыўна.

14 верасня Святлана Ціханоўская пракаментавала ў твітары поспехі УСУ, не забыўшыся і пра беларускіх добраахвотнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі