Коля Лукашэнка, Шакуцін і Фёдар Поўны: хто віншаваў Домрачаву першым

За тры дні да пачатку алімпіяды ў Сочы прэс-сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Анастасія Марыніна расказвае Еўрарадыё, што акрамя спартоўцаў і трэнераў у Сочы паедзе ўсяго некалькі афіцыйных асобаў.

“Насамрэч, колькасць афіцыйных асобаў, якія дапамагаюць і каардынуюць гэтую працу, вельмі невялікая. Гэта некалькі чалавек ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта і адзін чалавек ад Міністэрства спорту і турызму. Асноўная стаўка робіцца на трэнераў, масажыстаў і дактароў. Гэта тыя, хто працуе непасрэдна са спартсменамі”.

Пакуль беларускія алімпійцы у Сочы не вельмі адзначаліся, афіцыйных асобаў насамрэч не было відаць. Толькі Лукашэнку з малодшым сынам па тэлевізары паказалі. Але пасля перамогі Дар’і Домрачавай нечакана высвятляецца, што афіцыйнае і паўафіцыйнае прадстаўніцтва Беларусі на расійскай алімпіядзе куды большае — Домрачаву віншуць у “комплексе адпачынку “Беларусь” даволі далёкія ад зімняга спорту людзі. У прыватнасці — бізнесовец Аляксандр Шакуцін. З бакалам празрыстай “гарбаты” у руках перад тэлекамерай ён захапляецца не толькі Домрачавай, але і беларускімі жанчынамі наогул.

“Усе захапляюцца францужанкамі, грачанкамі, жанчынамі іншых нацыянальнасцяў. Але я заўсёды адно гаварыў, што наша беларуская жанчына самая прыгожая, самая адданая, самая працавітая. І Дашка гэта пацвердзіла. Я сёння атрымаў сапраўдную асалоду”.

Да спорту Аляксандр Шакуцін дачыненне ўсё ж мае, ён кіруе… “Беларускай тэніснай федэрацыяй”. Не самы зімовы, але ўсё ж спорт. Разам з ім апрануты ў афіцыйную беларускую алімпійскую форму віншуе Домрачаву яшчэ адзін віп-бізнесовец, уладальнік футбольнага “Дынама” Юрый Чыж. Акрамя іх на фота з “гарбаты” у Лукашэнкі можна пабачыць яшчэ з дзясятак розных “віпаў”. А таксама тузін прыгожых дзяўчат.

Адна з іх Ксенія Санковіч — гімнастка, прызёр Лонданскай і Пекінскай Алімпіяд. Віншаваць Домрачаву яна пачынае з… падзякі Лукашэнку. Сюжэт з яе удзелам пазней падкарэктуюць, і ў эфіры большасці каналаў пакажуць ужо без слоў падзякі кіраўніку краіны.

Можна ўбачыць на відэа з “Чырвонай паляны” і пратаіерэя Фёдара Поўнага. Ён пачаў ездзіць за беларускімі алімпійцамі з Лондана. Там малітвы духоўніка не вельмі дапамаглі — зборная прагнозаў не апраўдала. А вось у Сочы, на думку духоўніка, нябёсы над беларусамі злітасцівіліся.

“Шчыра скажу, што я за цябе маліўся Богу і маліўся аддана. І калі ты стартавала, то я паслаў табе блаславенне. Я хачу табе пажадаць аднаго, каб твой поспех не ўскружыў табе галаву, а даў стымул да новых перамог”, — гаворыць Поўны Домрачавай.

І дадае, што перамога, насамрэч, — заслуга не Домрачавай, а нейкіх талентаў, дадзеных ёй высокімі сіламі.

Якім чынам паўплывае такое ўрачыстае віншаванне на настрой Дар’і Домрачавай, пабачым ужо ў пятніцу 14 лютага — яе чакае індывідуальная гонка на 12,5 кіламетраў. Эксперты гавораць, што на гэтай дыстанцыі Дар’я мае яшчэ больш шансаў, чым у яе было ў гонцы праследавання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі