Колькі палітвязняў беларускія ўлады павінны вызваліць па патрабаванні ЕС?

Паводле беларускіх праваабаронцаў, сёння за кратамі знаходзіцца 11 палітычных зняволеных. У Еўрапейскім прадстаўніцтве знешніх сувязяў палітвязнямі прызнаюць 9 чалавек. І на гэтым спісы не заканчваюцца, дзеліцца з Еўрарадыё сваімі назіраннямі дырэктар брусэльскага “Офіса за дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская.



Вольга Стужынская: “Хартыя” называе лічбу 13, Amnesty International — 5, а дакладчык па правах чалавека ААН называе 7”.



Менавіта наяўнасць палітвязняў з’яўляецца галоўнай перашкодай для наладжвання стасункаў паміж ЕС і Беларуссю. Але Еўрасаюз, які патрабуе вызваліць і рэабілітаваць “усіх палітзняволеных”, ні разу не назваў ні іх колькасць, ні прозвішчы тых, каго ў ЕС лічаць палітычнымі вязнямі.



“З Еўрапейскім саюзам сітуацыя не вельмі зразумелая з-за таго, што ў іх няма дакладных крытэраў — каго лічыць палітычным зняволеным. Еўрасаюз трымаецца збоку і свой спіс не называе. Ён часам кажа, што ў краіне ёсць палітычныя вязні, але не канкрэтызуе гэта пытанне”, — тлумачыць сітуацыю праваабаронца Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава Уладзімір Яворскі.



Як тады беларускія ўлады, калі раптам такое жаданне з’явіцца, выканаюць патрабаванне ЕС аб вызваленні палітвязняў, здзіўляецца Вольга Стужынская.



Вольга Стужынская: “Усе кажуць, што Беларусь павінна вызваліць палітзняволеных і што палітзняволеныя павінны быць рэабілітаваныя. Але калі гэта развіваць далей, то ўзнікае пытанне: колькі чалавек павінна быць вызвалена і што азначае рэабілітацыя?”



Як паведамілі Еўрарадыё праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Алег Гулак, 17 лютага яны даведаліся, што Еўрасаюз лічыць палітвязнямі 6 беларускіх зняволеных. Праўда, без удакладнення, хто гэта канкрэтна. Па ўдакладненні Еўрарадыё звяртаецца ў Прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі. Але ні атрымаць каментар наконт дакладнай лічбы тых, каго ЕС лічыць палітвязнямі, ні даведацца іх імёны і крытэры “адбору” не ўдалося.

“Еўрапейскі Саюз пастаянна сочыць за палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сітуацыяй у Беларусі, уважліва назірае за сітуацыяй у сферы правоў чалавека і сітуацыяй з палітычнымі зняволенымі.  

Тое, што ў Беларусі па-ранейшаму ёсць палітычныя зняволеныя, выклікае вялікую занепакоенасць ЕС, і ЕС заклікае да іх безумоўнага вызвалення… Спісы палітычных зняволеных могуць адрознівацца з розных прычын. Па-першае, могуць адрознівацца спісы, складзеныя рознымі праваабарончымі арганізацыямі, што знаходзяцца за межамі Беларусі ці ў самой Беларусі. Па-другое, колькасць можа мяняцца з цягам часу. Як бы там ні было, для ЕС галоўнае, каб усе палітычныя вязні былі вызваленыя, каб не з'яўлялася ніводнага новага палітычнага зняволенага і каб сітуацыя ў сферы правоў чалавека палепшылася. Па-трэцяе, ЕС прымае пад увагу розныя пункты гледжання, выслухоўвае экспертаў, сочыць за ходам судовых разглядаў, дае ўласныя ацэнкі сітуацыі і прымае рашэнні самастойна”, -- паведамляецца ў каментары Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі ў адказ на запыт Еўрарадыё.



Больш за ўсё ў гэтай сітуацыі праваабаронцы незадаволеныя няведаннем прынцыпаў, паводле якіх менавіта гэтых вязняў у ЕС прызнаюць палітычнымі.



Алег Гулак: “Павінна быць паслядоўная пазіцыя, і мне цяжка зразумець, пакуль я не чуў тлумачэння, чаму яны адных лічаць так, а другіх — інакш. Вось чаму яны лічаць палітвязнямі менавіта 6 чалавек?”



Калегу падтрымлівае расійскі праваабаронца Андрэй Юраў.



Андрэй Юраў: “Няма ніякіх празрыстых працэдур (па прызнанні палітвязнем — заўв. Еўрарадыё): каб было слуханне, каб нехта некага заслухоўваў — гэтага ўсяго няма. Усё гэта — непразрыстыя палітычныя рашэнні”.



Тым не менш усе суразмоўцы Еўрарадыё раяць спачатку розным праваабарончым структурам ды арганізацыям дамовіцца паміж сабой наконт колькасці палітвязняў у Беларусі, а потым, усім разам, дамагацца ад ЕС пагадзіцца з іх пазіцыяй і іх лічбай.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі