Вы тут

Колькі гадоў суддзям, якія караюць за сцягі і прагулкі

Беларускія суддзі / калаж Еўрарадыё​

У сацсетках абмяркоўваюць узрост суддзяў, якія караюць беларусаў-пратэстоўцаў штрафамі і суткамі. І нярэдка пішуць, што палітычна матываваныя пастановы — работа беспрынцыповай моладзі. Маўляў, у суды спецыяльна прызначаюцца суддзі, якія нарадзіліся пры Лукашэнку, іншай улады не бачылі, з мінімальным досведам працы — такіх прасцей пераканаць нешта зрабіць "для абароны дзяржавы".

Еўрарадыё сабрала звесткі пра ўзрост суддзяў, якія трапілі ў тэлеграм-канал "Чёрная книга Беларуси". Там сапраўды шмат фатаграфій маладых людзей у мантыях.

27 гадоў нядаўна споўнілася суддзі суда Барысаўскага раёна Дзмітрыю Крывелу. "Масава выносіць пастановы аб адміністрацыйных правапарушэннях супраць мірных грамадзян па арт. 23.34", — напісана пра яго ў "Чёрной книге Беларуси".

Дзмітрый Крывела

29 гадоў — суддзі Першамайскага раёна ў Мінску Анастасіі Ляйкоўскай. У палітычных справах дзяўчына "засвяцілася" ў пачатку 2020-га, калі судзіла ўдзельнікаў акцый супраць інтэграцыі з Расіяй. У ліпені за "ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве" з яе лёгкай рукі былі асуджаныя Зміцер Паліенка, Юрый Губарэвіч і Ганна Комар.

Анастасія Ляйкоўская

Пратэсты падчас і пасля выбарчай кампаніі таксама не засталіся без яе ўвагі. Анастасія адправіла з залы судовага пасяджэння на 10 сутак шоўмена Дзяніса Дудзінскага.

Равесніца Анастасіі — суддзя суда Ленінскага раёна Мінска Таццяна Шоцік. За час летніх і восеньскіх пратэстаў дзяўчына судзіла нямала "парушальнікаў" артыкула 23.34 КаАП. Сярод іх, напрыклад, была беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка і актывістка Марына Адамовіч.

Таццяна Шоцік

Вельмі молада на фота выглядае суддзя Анастасія Ачалава. На пасаду дзяўчына была прызначаная ў кастрычніку 2020 года, але ўжо паспела вызначыцца. Па звестках zubr.cc, пасля яе пасяджэнняў было выпісана штрафаў не менш чым на 7290 рублёў. А ў лістападзе яна асудзіла на 13 і 15 сутак лекараў: лапараскапічнага хірурга Аляксандра Мініча і высакакласнага псіхіятра Сяргея Папова.

Анастасія Ачалава

Але інфармацыі пра суддзяў, якім менш за трыццаць гадоў, у "Чёрной книге" аказалася не так шмат. А ў топе суддзяў — антырэкардсменаў па "сутках" за пратэсты, які Еўрарадыё склала ў снежні 2020 года, такіх усяго трое.
 

Які ў выніку сярэдні ўзрост беларускіх суддзяў, якія засвяціліся ў палітычных справах?

Па звестках 58 суддзяў мы разлічылі сярэдні ўзрост тых, хто як пад капірку штампуе абвінаваўчыя пастановы, кіруючыся паказаннямі ананімных сілавікоў і не звяртаючы ўвагі на доказы невінаватасці падсудных. Ён аказаўся даволі высокім: каля 39 гадоў (калі дакладна — 38 гадоў і 10 месяцаў).

Так што не варта ўсё валіць на моладзь. 39 гадоў — гэта значыць, што суддзя нарадзіўся ў пачатку 1980-х, а вышэйшую адукацыю атрымліваў у 2000-х, калі нікому і ў галаву не магло прыйсці расцаніць сцяг на балконе і бел-чырвона-белыя штаны як адзіночны пікет.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.