Колькі беларускія музыкі атрымліваюць за аўтарскія правы?

Як даведалася Еўрарадыё, выплаты штомесяц адрозніваюцца. У Аляксандра Ціхановіча выплаты вагаюцца ад 2 да 4 мільёнаў, а ў Ігара Варашкевіча – ад 8 да 800 тысяч рублёў. Сёння ў большасці еўрапейскіх краін дзейнічае такое заканадаўства ў галіне аўтарскіх правоў, паводле якога нашчадкі вядомых кампазітараў ды паэтаў атрымліваюць пералічэнні за выкарыстанне іх твораў цягам 50 гадоў пасля смерці аўтара. Але ў бліжэйшы час гэты тэрмін плануюць павялічыць да 90 гадоў. Пытанне для нашчадкаў вялікіх аўтараў актуальнае – сумы штомесячных пералічэнняў могуць быць і з 5-6 нулямі.

У Беларусі таксама існуе аўтарскае права. І нават арганізацыя, якая адсочвае, каб усе, хто карыстаецца творамі айчынных кампазітараў і аўтараў тэкстаў, пералічвалі адпаведныя ганарары аўтарам – Беларускае аўтарскае таварыства. Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца, якія сумы ўзнагароджання атрымліваюць беларускія творцы за выкарыстанне іх песень у радыё- і тэлеэфірах.

Лідэр N.R.M. Лявон Вольскі прызнаўся Еўрарадыё, што пералічэнні з аўтарскага таварыства ён атрымлівае штомесяц. Сума кожна раз розная. І зразумець, чаму ў адзін месяц прыходзіць 200 тысяч, а ў іншы – 600, музыка не можа.

Лявон Вольскі:
“У мяне зарэгістравана частка праектаў, а частка – не. Не ведаю, чаму такая розніца, але можа быць і 200 тысяч, і 600. Чаму так, я не цікавіўся і не збіраюся цікавіцца. Калі ў падрабязнасці гэтыя лезці, па-першае, нічога не зразумееш, па-другое – ніхто не будзе задаволены. І, хутчэй за ўсё, пачнеш меней атрымліваць”.

Розныя сумы атрымлівае штомесяц і лідэр “Крамы” Ігар Варашкевіч. І таксама не разумее, чаму так адбываецца пры аднолькавай колькасці эфіраў.

Ігар Варашкевіч: “Адзін месяц можа быць 8 тысяч, другі – 80, а на трэці можа быць і 800. Гэта пры аднолькавай колькасці эфіраў па радыё. Як так атрымліваецца – я не разумею”.

У адрозненні ад калегі, Ігар спрабаваў разабрацца ў сістэме налічэння аўтарскіх грошай. Але да станоўчага выніку гэта не прывяло.

Ігар Варашкевіч:
“У мінулым годзе мы напісалі заяву з гэтай нагоды, і нам пачалі плаціць нармалёва. Але напрыканцы года пачало ізноў адбывацца тое ж самае. Вось збіраюся ізноў схадзіць туды”.

Песні кампазітара Яўгена Чалышава выконваюць такія артысты, як Вольга Барабаншчыкава, гурт “Харлі” ды шмат хто іншы. Кажа, сумы пералічэнняў могуць вагацца ад мільёна да трох у месяц. Таму на Беларускае аўтарскае таварыства ён не ў крыўдзе. Адзінае, што не задавальняе кампазітара, – нашыя абаронцы аўтарскіх правоў не заўсёды адсочваюць выкарыстанне яго твораў замежнымі электроннымі СМІ і, адпаведна, грошы ён за гэта не атрымлівае.

Яўген Чалышаў: “Гучалі песні ва Ўкраіне дастаткова доўга, у тэле- і радыёэфірах, але калі я ў аўтарскім таварыстве цікаўлюся тым, што адбываецца на Ўкраіне і ці магу я атрымаць адтуль нейкія грошы, то мне адказваюць, што Ўкраіна, на жаль, пакуль дрэнна плаціць. Праблема гэта Ўкраіны альбо нашай арганізацыі, сказаць цяжка, і праўду я наўрад ці даведаюся”.

А вось Аляксандр Ціхановіч чамусьці штомесяц з дапамогай Беларускага аўтарскага таварыства атрымлівае грошы не толькі ад беларускіх СМІ, але і расійскіх, і ўкраінскіх.

Аляксандр Ціхановіч: “У нашай арганізацыі ёсць адпаведныя дамовы, і яны адсочваюць. А можа тут працуюць расійскія ды ўкраінскія аўтарскія правы – не ведаю, але і адтуль узнагароджанні прыходзяць. Але думаю, што гэта ўсё адно праз нашых ідзе”.

А прыходзяць Аляксандру Ціхановічу таксама розныя сумы – ад 2 да 4 і болей мільёнаў штомесяц.

Зміцер Вайцюшкевіч
кажа, што атрымлівае прыблізна 6 мільёнаў за год, а штомесячныя выплаты могуць вагацца ад 20 да 600 тысяч. “На піва і закуску” хапае “аўтарскіх” грошай Аляксандру Кулінковічу – у адзін месяц галоўны “дзюбель” можа атрымаць 50 тысяч, у іншы – 300-400. А Дзмітрый Кін з гурту Litesound кажа, што яму выплаты ад Беларускага аўтарскага таварыства складаюць каля 500 тысяч штомесяц.

Як высветлілася, сістэма, згодна з якой налічваюцца грошы аўтарам песень, даволі складаная. Прынамсі, канкрэтна расказаць, як гэта адбываецца, супрацоўніца Беларускага аўтарскага таварыства не здолела.

Супрацоўніца:
“Адна радыёстанцыя заплаціла 500 тысяч, другая, гэта я прыблізна кажу, – 2 мільёны. Тая, што пералічыла 500 тысяч, прадставіла, да прыкладу, 1000 выкарыстаных твораў, а тая, што 2 мільёны – 300. І розны час гучання. Разлічваецца кошт адной секунды, які прыпадае на долю кожнага аўтара. Колькі гэта можа быць, я не магу сказаць. У нас няма стаўкі, колькі аўтар атрымлівае”.

Дырэктар гурту “Ляпис Трубецкой” Яўген Калмыкоў прызнаўся Еўрарадыё, што яны прынцыпова не афармляюць аўтарскія правы на свае песні і не атрымліваюць за выкарыстанне іх тэле- і радыёстанцыямі грошы. На жаль, астатнія беларускія музыкі не могуць сабе такога дазволіць і радыя нават тым невялікім грошам, якія атрымліваюць ад аўтарскага таварыства. І стараюцца не задаваць яго супрацоўнікам лішніх пытанняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі