Вы тут

Коктыш пра канцэпцыю інфабяспекі: Беларусь апынулася на чале міжнароднага трэнда

oilcapital.ru

12 сакавіка адбылося пасяджэнне Савета бяспекі Беларусі, прысвечанае новай канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі краіны. Аляксандр Лукашэнка ўхваліў яе. А ўжо ўвечары копія гэтай канцэпцыі была злітая ў інтэрнэт.

Дацэнт кафедры палітычнай тэорыі Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін Кірыл Коктыш — адзін з тых, хто зацікаўлены, каб гэтая канцэпцыя была распрацаваная і прынятая. У размове з Еўрарадыё ён распавёў, што Беларусь адна з першых абвясціла лічбавы суверэнітэт:

“Беларусь адна з першых заявіла, што яна распаўсюджвае дзяржаўны суверэнітэт і на лічбавую прастору. Гэта значыць, што тыя злачынствы, якія адбыліся ці могуць адбыцца у беларускім інтэрнэце, будуць падпадаць пад заканадаўства Беларусі. Тое ж тычыцца і транзітных злачынстваў, якія праходзілі праз Беларусь. Усе даныя будуць празрыстыя і расследаваныя ўсімі зацікаўленымі бакамі”.

“Трэба навучыцца адказваць распаўсюджвальнікам фэйкаў іх жа зброяй”

Падчас пасяджэння Савета бяспекі Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што трэба пашыраць сферу ўплыву айчынных сродкаў масавай інфармацыі:

“Трэба не баяцца выкарыстоўваць новыя формы працы ў медыяпрасторы. Трэба навучыцца адказваць распаўсюджвальнікам фэйкаў іх жа зброяй. І мы гэта ўмеем рабіць, але чамусьці лічым: "Ды добра, абыдзецца, пранясе"”.

Зліў канцэпцыі ў Telegram

Вельмі іранічна атрымалася, што пасля пасяджэння Савета бяспекі, у Telegram з'явілася копія канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі. Наколькі яна адпавядае канчатковаму варыянту, пакуль невядома. Афіцыйная публікацыя адбудзецца пазней і можа адрознівацца ад злітай у інтэрнэт.

На думку Кірыла Коктыша, гэты зліў мог быць спланаванай акцыяй, бо ў Беларусі, калі трэба, умеюць закрываць інфармацыю:

"Беларуская дзяржава, калі трэба закрыць нейкую інфармацыю, яе закрывае. А калі нейкая інфармацыя "ўцякае", значыць, вырашылі, што няблага будзе, калі і астатнія пра гэта даведаюцца".