Кодэкс аб культуры: Не хвалюйцеся, ніхто злоўжываць фармулёўкай не збіраецца

Кодэкс аб культуры: Не хвалюйцеся, ніхто злоўжываць фармулёўкай не збіраецца

Аляксандр Лукашэнка падпісаў “Кодэкс аб культуры”, і цяпер у краіне адзіны механізм рэгулявання стасункаў у сферы культуры. Еўрарадыё прачытала 227 старонак дакумента і знайшло некалькі вельмі цікавых момантаў.

Артыкул №130 Забарона, абмежаванне і прыпыненне культурнай дзейнасці”. Паводле аднаго з пунктаў артыкула, “культурная дзейнасць можа быць забароненая, абмежаваная або прыпыненая, калi пры яе ажыццяўленні распаўсюджваюцца паведамленнi, што знеслаўляюць гонар i годнасць прэзiдэнта, кiраўнiкоў дзяржаўных органаў, статус якiх устаноўлены Канстытуцыяй”.

Любое адмоўнае слова творцы ў бок улады афіцыйна можна быць падставай забараняць канцэрты, не даваць прадаваць дыскі, рэпетаваць? Без дакладнага вызначэння, нават жарт у КВЗ можна ўспрыняць, як знеслаўленне гонару i годнасці.

“Не хвалюйцеся, ніхто злоўжываць гэтай фармулёўкай не збіраецца, — каментуе Еўрарадыё кансультант юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры Людміла Баршчэўская. — Адмысловых камісій для гэтага ствараць не плануецца. Вы ж разумееце, што такім чынам, калі паставіць мэту, можна ўсё перадзёрнуць. Я думаю, што ў дадзеным выпадку ніхто неабгрунтаваных прэтэнзій прад’яўляць не будзе. Тым больш, да жартаў, бо пачуццё гумару ёсць у ва ўсіх”.

Могуць прад’яўляць прэтэнзіі, а могуць і не. Але цяпер нават не трэба будзе прыдумляць фармулёўкі пад адмовай у "гастрольцы", выклікаць МНС за гадзіну да выступу Лявона Вольскага, Сяргея Міхалка ці Змітра Вайцюшкевіча. Дастаткова спаслацца на 130 артыкул кодэкса аб культуры.

У дапамогу чыноўнікам будзе і 216-ы артыкул кодэкса — “Парадак арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства”. Там прапісана, што “у час наведвання культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства грамадзянам забараняецца карыстацца сцягамі, вымпеламі, не зарэгістраванымі ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемамі, сімваламі, плакатамі і транспарантамі, змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян”.

“Яшчэ не было выпадку, каб чалавеку прад'яўляліся прэтэнзіі за размахванне на канцэрце сцягам з сімволікай гурта Metallica, — зноў просіць не перадзёргваць Людміла Баршчэўская. — Паверце, так яно будзе і далей”.

За Metallica — не было, а за бел-чырвона-белы сцяг? Ён мае той жа статус, што і сцяг з надпісам Metallica ці назвай якога іншага гурта. За першы прэтэнзіі прад’яўляюць, а за другі — не. Прамое пытанне на гэты конт кансультант юрыдычнага аддзела Міністэрства культуры пакінула без каментарыяў.

Пасля ўвядзення “падатку на дармаедства”, у Беларусі актуальнае атрыманне статусу “Творчага работніка”, з якім творчыя асобы перастаюць лічыцца дармаедамі. Каб атрымаць запаветны сертыфікат, трэба даказаць адмысловай камісіі пры Мінкульце, што ты творца. Але пры вывучэнні азначэнняў у Кодэксе аб культуры гэты момант падаецца нелагічным.

Паводле кодэкса, “творчы работнік — грамадзянін, які займаецца творчай дзейнасцю, незалежна ад таго, з’яўляецца ён членам творчага саюза ці не”. То бок дастаткова займацца творчай дзейнасцю, а гэта — “вiд культурнай дзейнасцi, якi ўключае мастацкую творчасць i iншую iнтэлектуальную дзейнасць, што завяршаецца з'яўленнем новага вынiку iнтэлектуальнай дзейнасцi ў сферы культуры, які не існаваў раней”.

То бок сам факт стварэння новага мастацкага ці інтэлектуальнага прадукту (не скрадзенага, а менавіта новага) — творчая дзейнасць. Ні пра якія адукацыі творцаў, уменні пісаць ноты, ладзіць канцэрты ды выставы, гаворкі не вядзецца. Адпаведна, камісія патрэбная толькі каб праманіторыць, ці не скраў той ці іншы чалавек прынесены вынік інтэлектуальна дзейнасці. Таму пасля набыцця моцы Кодэксам аб культуры, басіст гурта Akute Рома Жыгараў можа аспрэчыць адмову камісіі ў прысваенні яму статусу творчага работніка. Тым больш, што матывавалі яны гэта рашэнне памылкамі ў напісанні нотаў.

Кодэкс аб культуры набудзе моц праз паўгода пасля афіцыйнай публікацыі, але, калі ён будзе надрукаваны, не паведамляецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі