Вы тут

Аўтар "Чёрных ресниц" расказаў, чаму не даў Раману Жыгараву творчы статус

Экспертная камісія пры Мінкульце не выдала Раману Жыгараву з магілёўскага гурта Akute сертыфікат творчага работніка. Пра тое, чаму так адбылося і якім чынам Раман можа выправіць сітуацыю Еўрарадыё спытала ў Эдуарда Зарыцкага, кампазітара, народнага артыста Беларусі, які найбольш праславіўся ў поп-музыцы песняй "Чёрные ресницы" ў выкананні Філіпа Кіркорава.

Еўрарадыё: На сертыфікат творчага работніка прэтэндаваў музыка з папулярнага гурта Akute Раман Жыгараў. Адмоўлена. Якім чынам трэба рыхтавацца музыкам так званых "лёгкіх жанраў", каб атрымаць адпаведны статус?

Эдуард Зарыцкі: Ой, ну гэта цэлая лекцыя. Трэба мець прафесійныя навыкі, канечне, хаця б элементарна ведаць ноты. Вось і ўсё.

Еўрарадыё: То бок, у Жыгарава няма такіх навыкаў?

Эдуард Зарыцкі: Ну відавочна. Там жа не толькі я вырашаю, там жа камісія. Мы яго "агледзелі", як любога іншага. Вось на днях зноў разглядаем такі ж варыянт. Але чалавек напісаў пяць спектакляў для тэатра, музычных. І тое, там ёсць праблемы, разумееце? Ён скончыў кансерваторыю. А у вашага Жыгарава, па-мойму, некалькі класаў музычнай школы. Ну ёсць розніца між прафесіяналамі ўсё ж. Вось і ўсё.

Еўрарадыё: У лісце, дасланым Раману, пазначана, што "улічваючы актыўную працу Жыгарава і гурта Akute у сферы аматарскай маладзёжнай творчасці, экспертная камісія гатовая паўторна разгледзець матэрыялы яго творчай дзейнасці з улікам росту яго прафесійнага майстэрства". Што яму трэба дапрацаваць, каб быў станоўчы вынік праз год?

Эдуард Зарыцкі: Ой, ну трэба элементарна прадставіць нейкі нотны матэрыял, хаця б тое, што ён грае, што ён мысліць, каб ён запісаў гэта на ноты. Там гэта было ўсё ў такім стане трызнення! Цалкам няграматна.

Еўрарадыё: Відаць, ён паспрабаваў гэта зрабіць з дапамогай нейкай праграмы...

Эдуард Зарыцкі: Так, але так гэта не робіцца. Я ўпэўнены, што ён упершыню гэта робіць і ніколі гэтым не займаўся.

Еўрарадыё: Ёсць адчуванне, што атрыманне статуса творчага работніка — свайго роду "суд над Бродскім", калі яго пыталіся: "Кім вы працуеце?". — Я паэт. — Хто вам сказаў, што вы паэт? Так і тут: "Хто вам сказаў, што вы — кампазітар?".

Эдуард Зарыцкі: О, Божа, ну прычым тут гэта? Гэта геніяльны паэт. Гэта ўзровень Пушкіна! Што вы параўноўваеце Бродскага і... (смяецца). Гэта нобелеўскі лаўрэат. Пра што гаворка? Зразумела, што тады быў такі час... Любімец Ахматавай! Вы мне будзеце казаць пра Бродскага! Я разумею, я разумею ваша заданне... Так што, трэба рыхтавацца вельмі сур'ёзна. Я вам раю пачытаць крытыку на яго творы ў нейкай газеце. Для вас гэта будзе вельмі цікава. Пачытайце гэты артыкул, які ён прынёс таксама. Яго трэба вывучаць музыказнаўцам, як гэта робіцца, разумееце? Як не трэба рабіць. Там напісана поўнае трызненне! Вы чыталі гэты артыкул? (Гаворка вядзецца пра рэцэнзію музычнага крытыка Таццяны Заміроўскай на альбом Akute, — Еўрарадыё)

Еўрарадыё: Пра "сухотны рок"?

Эдуард Зарыцкі: Так, і там усе фразы такія. То бок, як можна працаваць з такімі журналістамі?

Еўрарадыё: Калі б Пол Макартні і Джон Ленан, якія не тое што, не ведалі нотаў, а і гралі крыва пэўны час, прыйшлі па сертыфікаты творчых работнікаў, яны б іх атрымалі?

Эдуард Зарыцкі: Так, "Бітлы" амаль усе не ведалі нотаў. Амаль усе. Але з імі працавалі такія хлопцы, якія гэта ўсё ведалі, там былі прадзюсары геніяльныя! І гэта розны зусім узровень. Можна не ведаць ноты, канечне. Бетховен таксама не заканчваў кансерваторыі — можна ж і так паставіць пытанне. І Бах, і Моцарт не заканчвалі кансерваторыі, але яны прафесіяналы. Вось і усё. Тут зусім не ў гэтым справа. Калі б вы хоць крыху мелі нейкую адукацыю ў музыцы, паглядзелі гэтыя ноты, тады б вам усё было зразумела.

Еўрарадыё: У мяне ёсць музычная адукацыя. Я тэарэтык.

Эдуард Зарыцкі: То няхай ён вам пакажа тыя ноты! Я разумею, што вы яго прадзюсуеце і вам гэта трэба. Але паглядзіце ноты, як тэарэтык. Але, калі вы пасля гэтага скажаце, што ўсё нармальна, я асабіста першы падпішуся за яго.

Еўрарадыё: Мне падаецца, што тут варта ўлічваць не толькі ноты, але і папулярнасць гурта. Бо каманду ведаюць, слухаюць, гурт шмат гастралюе.

Эдуард Зарыцкі: Мы гаворым цяпер не пра гурт. Па-першае, мы не маглі дабіцца, каго ён прадстаўляе: бас-гітарыст, аранжыроўшчык ці кампазітар. Вы можаце сказаць, хто ён?

Еўрарадыё: Ён піша песні, аранжыруе іх і грае на бас-гітары. То бок, выконвае тры функцыі.

Эдуард Зарыцкі: Нам трэба даваць сертыфікат у вобласці чаго? Калі ён кампазітар — гэта кампазітар, калі аранжыроўшчык — гэта аранжыроўшчык. На хвілінку ўявіце, вось ён сыходзіць з гэтага гурта — а яны распадаюцца ў адзін момант, нават пры геніяльнасці і раскручанасці, вось ён сыходзіць — што ён будзе рабіць? Далей. Як аранжыроўшчык, калі яму выдадуць сертыфікат — усё, апроч гэтага гурта ён нічога не зможа! Ён не зможа нічога зрабіць ні на сімфанічны, я не жартую, ні на эстрадны, ні на іншы рок-склад.

Еўрарадыё: Гэта ўжо не першы гурт, у якім грае і для якога піша Раман.

Эдуард Зарыцкі: Я ўсё разумею. У якой гэта газеце будзе, скажыце?

Еўрарадыё: Гэта будзе на Еўрарадыё.

Эдуард Зарыцкі: Я разумею, вам гэта трэба. Гэта замова. Але галоўнае, каб гэта быў прафесіяналізм. Мы б нават даравалі няведанне нейкай там ноты, але да нас прыходзяць вельмі моцныя хлопцы. Мы ж не ўсім выдаём, вельмі многім не выдаём, толькі тым, хто гэтага заслугоўвае і хто прафесіянал. Вось быў сын Васіля Раінчыка. Ён аранжыроўшчык "Верасоў". Ён з трох гадоў з клавішамі. Ну гэта проста каласальны ўзровень. І параўнаць, паставіць побач гэтага... Калі б вы паглядзелі, што Раінчык прадставіў, прычым, ноты надрукаваныя, прыгожа. У нас столькі гэтых гуртоў, у нас іх сотні. І папулярныя, і непапулярныя. Ім жа ніхто не забараняе — няхай граюць. Можа, яны яшчэ раскруцяцца і будуць увогуле самыя папулярныя. Ён яшчэ можа 10 разоў паказацца на гэтай камісіі. Ніхто ж не забараняе. Няхай у іх будуць добрыя канцэрты, няхай граюць. Дарэчы, вы слухалі гэты гурт на добрай апаратуры? 

Еўрарадыё: Натуральна, і на канцэртах іх была, куды можа прыйсці тысяча чалавек.

Эдуард Зарыцкі: Трэба крыху "строіць" інструменты... Там "самапальныя" справы. Проста сабраліся людзі, у якіх, я ўпэўнены, ніякай музычнай адукацыі няма, чуваць жа гэта па гуку. Паслухайце, што за мяжой робіцца на вашым жа Еўрарадыё. Як граюць тыя хлопцы, і як гэтыя?

Еўрарадыё: Ну, не факт што ў замежнікаў ёсць музычная адукацыя, проста ў іх укладаюцца іншыя грошы.

Эдуард Зарыцкі: Натуральна, таму іншая якасць.

Еўрарадыё: Магчыма, калі б у гурт Akute былі ўкладзеныя вялікія грошы, вам бы спадабалася, як яны гучаць...

Эдуард Зарыцкі: Ну вось я вам раю, няхай Еўрарадыё ўкладзе ў іх грошы, я ўпэўнены, што яны адразу раскруцяцца.

"Ацаніць" ноты, якія прадставіў Раман Жыгараў экспертнай камісіі, Еўрарадыё не атрымалася. Музыка сцвярджае, што камп'ютар, на якім яны захаваныя, зламаўся. Тым не менш, мы раім Эдуарду Зарыцкаму аднойчы завітаць на канцэрт гурта Akute і паспрабаваць зразумець, што такое сучасная беларуская музыка.

Новости других медиа
Загрузка...
Загрузка...

Галоўнае

Выбар рэдакцыі