Клімава памілавалі па просьбе маці, а за Казуліна пакуль ніхто не прасіў

Еўрарадыё вырашыла даведацца ў сябраў прэзідэнцкай камісіі па памілаванні, на якіх умовах вызваляюць асуджанага, ці патрэбна звяртацца з хадайніцтвам аб памілаванні і ці “свеціць” памілаванне Аляксандру Казуліну. Юрыю Лявонаву і Мікалаю Аўтуховічу рашэннем суда зняволенне замянілі папраўчымі работамі па месцы жыхарства. Артур Фінькевіч і Аляксандр Здзвіжкоў выйшлі па касацыйнай скарзе. Змітра Дашкевіча выпусцілі пасля перагляду прысуджанага раней тэрміну зняволення. Андрэй Клімаў выйшаў на волю пасля падпісання прэзідэнтам указа аб памілаванні. Для ўсіх вызваленне было нечаканым. Але Клімаў адзіны з усіх, хто не звяртаўся ў вышэйшыя інстанцыі са скаргамі, зваротамі і, тым больш, хадайніцтвам аб памілаванні.

Андрэй Клімаў: “Відаць, прэзідэнт прымаў рашэнне з нейкіх сваіх асабістых меркаванняў. Што гэта за меркаванні, я сказаць не магу. Але ніякіх хадайніцтваў я, безумоўна, не пісаў”.

Па словах былога дэпутата Вярхоўнага савету 13 склікання, яму не толькі не ставілі ніякіх умоў вызвалення, але і ніякім чынам не давалі зразумець, што гэта магчыма. Перад тым, як выйсці за дзверы турмы, ён падпісаў толькі адну паперу.

Андрэй Клімаў: “Мне прапанавалі падпісаць прадпісанне з Міністэрства ўнутраных спраў, што мяне вызваляюць у адпаведнасці з указам прэзідэнта. Вось і ўсё”.

Асуджаныя, якія не згаджаюцца з вынесеным прысудам, у якасці апошняй інстанцыі маюць права звярнуцца з хадайніцтвам у Камісію па пытаннях грамадзянства і памілавання пры прэзідэнце. Начальнік упраўлення па наглядзе за законнасцю выканання пакаранняў МУС Юрый Гарошка расказаў Еўрарадыё, што прэзідэнт мае права памілаваць нават таго асуджанага, які пра гэта не прасіў.

Юрый Гарошка: “Ёсць такая катэгорыя асуджаных, ад якіх няма патрэбы, каб сыходзіла такая ініцыятыва”.

Але сябра Камісіі па грамадзянстве і памілаванні, старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы ПП Анатоль Белашэўскі катэгарычна заявіў, што без хадайніцтва асуджанага ніхто нават гаварыць аб яго памілаванні не стане. Што ж тычыцца Андрэя Клімава, то, кажа, хадайніцтва было. Але не ад самога палітыка, а ад яго маці.

Анатоль Белашэўскі: “Мы разглядалі на камісіі. Яго, зараз па памяці ўзгадаю, звярталася, здаецца, маці. Наконт яго было прынята рашэнне, і прэзідэнт, відаць, пагадзіўся з рашэннем камісіі”.

Дэпутат нават здзівіўся пытанню, што рабіць з тымі асуджанымі, якія адмовяцца прымаць прэзідэнцкае памілаванне, калі хадайніцтва напішуць сваякі без яго ведама. Кажа, на яго памяці такога не здаралася.

Анатоль Белашэўскі: “Я не памятаю такога, каб хтосьці не захацеў выходзіць з турмы”.

Як прыклад ён распавёў пра аднаго асуджанага, які адбывае пакаранне за хабар. Той не лічыць сябе вінаватым і не хоча пісаць хадайніцтва сам і забараніў рабіць гэта сваякам. Таму, кажа дэпутат, і будзе сядзець “ад званка да званка”.

Еўрарадыё пацікавілася, ці не прыходзіла ў камісію па памілаванні хадайніцтва ад Аляксандра Казуліна альбо яго сваякоў.

Анатоль Белашэўскі: “Сёння сказаць, на Казуліна ёсць альбо няма дакументаў, я не магу. На мінулай камісіі іх не было”.

Наступная камісія збярэцца толькі тады, калі збяруцца матэрыялы на дастатковую колькасць асуджаных. Але колькі гэта -- не сказаў.

Даведка Еўрарадыё

Юрый Лявонаў, дырэктар фірмы "Ніка-транс", і прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, уладальнік "Ніка-транс", былі асуджаныя адначасова -- 6 ліпеня 2006 года. Яны адбывалі зняволенне ў калоніях ўзмоцненага рэжыму. Аўтуховіч выйшаў на волю 18 студзеня. Лявонаў – 25 студзеня. Турэмнае зняволенне судовым рашэннем было ім заменена папраўчымі работамі па месцы жыхарства.

Моладзевы лідэр Зміцер Дашкевіч нечакана выйшаў на волю вечарам 23 студзеня. Нагадаем, ён адбываў пакаранне ў Шклоўскай калоніі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Вызваленне адбылося пасля перагляду судом прысуджанага раней тэрміну зняволення.

5 лютага выйшаў на волю Артур Фінькевіч. Нагадаем, у снежні суд Кастрычніцкага раёна Магілёва асудзіў Фінькевіча на паўтара года зняволення за “ўхіленне ад адбыцця пакарання”. Моладзевы актывіст выйшаў на волю па касацыйнай скарзе.

22 лютага вызвалілі Аляксандра Здзвіжкова. У студзені Мінскі гарадскі суд прызнаў былога намесніка галоўнага рэдактара газеты “Згода” вінаватым у распальванні рэлігійнай варажнечы і пакараў трыма гадамі зняволення. Здзвіжкоў падпісаў у друк нумар газеты з перадрукаванымі з дацкай прэсы карыкатурамі на прарока Мухамеда.

Ён таксама выйшаў па касацыйнай скарзе: калегія суда пастанавіла, што Здзвіжкоў сапраўды вінаваты, аднак улічыла абставіны – у яго старая маці, у якой Аляксандр адзін, а таксама стан здароўя асуджанага. У выніку, тры гады турмы былі замененыя трыма месяцамі арышту, якія Здзвіжкоў ужо адседзеў у СІЗА, пакуль ішло следства.

15 лютага вызвалілі Андрэя Клімава. Нагадаем, Клімаў быў асуджаны 1 жніўня 2007 года да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму за публікацыю ў Інтэрнэце. Там, нібыта, былі заклікі да гвалтоўнай змены дзейнага дзяржаўнага ладу. За кратамі ён знаходзіўся з красавіка 2007-га. Ён адзіны, наконт каго прэзідэнт спецыяльна падпісаў указ аб памілаванні. Гэта аўтаматычна пазбавіла яго судзімасці і дае магчымасць балатавацца не толькі ў дэпутаты, але і на пасаду прэзідэнта. Ва ўсіх астатніх судзімасці засталіся.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі