Класкоўскі: Да майго сына можа быць асабліва жорсткае стаўленне

Журналіст Аляксандр Класкоўскі звярнуўся да Генпракурора з лістом у абарону сына. У гутарцы з Еўрарадыё вядомы журналіст адзначыў, што яго сын ужо трэці месяц знаходзіцца ў інфармацыйнай блакадзе.

Нагадаем, што былога супрацоўніка міліцыі Аляксандра Класкоўскага затрымалі пасля 19 снежня і змясцілі ў СІЗА КДБ, тказ званую "амерыканку".

Класкоўскі: "Не ведаю, як там з ім абыходзяцца. Хаця пасля заяваў Міхалевіча, жонкі Атрошчанкава пра тое, што там ужываюцца катаванні, у мяне на сэрцы таксама цяжка і неспакойна. Я ведаю, што да майго сына можа быць асабліва жорсткае стаўленне з боку сілавікоў, бо ён, былы супрацоўнік міліцыі, выйшаў тады на Плошчу ў міліцэйскім кіцелі, з пагонамі, дзейнічаў на баку маніфестантаў. І гэта магло раз'юшыць некаторых прадстаўнікоў сілавых структур, бо з іх гледзішча, ён так бы мовіць, зганьбіў гонар мундзіра. Ну, кожны па-свойму разумее..."

У сваім лісце журналіст запатрабаваў, каб Класкоўскаму-малодшаму забяспечылі належную юрыдычную дапамогу. Адвакатка Ірына Бурак ужо трэці месяц не можа сустрэцца з сваім падабаронным сам-насам. Акрамя таго, кажа Класкоўскі, абаронца ўвогуле бачыла яго сына толькі двойчы падчас допытаў.

Класкоўскі: "Апошні раз гэта было 13 студзеня, увогуле яна бачыла яго два разы фрагментарна падчас допытаў. Хоць паводле закону павінна аказвацца дапамога, калі адвакат можа пагутарыць, абмеркаваць, даць парады і г д. Вось такой магчымасці не даюць увогуле ніводнаму палітычнаму вязню, зняволенаму за падзеі Плошчы. Прычым, смешная, цынічная адгаворка — я ведаю са словаў адвакаткі, што яна неаднойчы праседжвала з раніцы да вечара ў прыёмнай КДБ. Аднойчы я з ёй там быў і гэта проста груба кажучы, дураць галаву, кажуць, што вось зараз вызваляцца пакоі. Адгаворка стандартная — у нас няма вольных пакояў для такіх сустрэч".

Класкоўскі кажа, што нічога не ведае пра здароўе сына і не можа пра гэта даведацца нават з рэдкіх лістоў, якія прапускаюць на волю.

Класкоўскі: "Па-першае, яго брутальна арыштоўвывалі, я ведаю гэта са словаў яго жонкі. Цэлую спецаперацыю зладзілі, гэта такія ўжо злачынцы, безабаронны чалавек, яны ж там акружылі дом, суседнія кватэры акупавалі з усіх бакоў, двое дзвярэй зламалі і страшна білі яго, ужо ў кайданках, паваліўшы на падлогу, безабароннага чалавека. Я падазраю, што маглі рэбры зламаць, бо ў лістах, натуральна, там фільтруюць карэспандэнцыю і мусіць ім не дазвалюць пісаць шчыра, але ён намякаў, што са здароўем у яго ёсць праблемы, бок баліць і г д. І наколькі я ведаю, дапамогі медычнай там таксама не аказваюць належнай".

На думку журналіста, улады далі спецслужбам карт-бланш у дачыненні да палітвязняў — абы атрымаць пакаянні і патрэбныя паказанні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі